Дырэктарка гомельскай школы ў другі раз падала ў суд на блогера
Дырэктарка школы № 3 Гомеля Ніна Старажэнка ўжо ў другі раз падала ў суд на блогера Арцёма Шапарава. Маладзён зняў ролік пра маці-адзіночку, якой Старажэнка пагражала пастаноўкай на ўлік па сацыяльна небяспечным становішчы дзяцей.
![611_saporov_740x400_1.jpg 611_saporov_740x400_1.jpg](/img/v1/images/611_saporov_740x400_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У папярэдні раз суд спыніў адміністрацыйны працэс у сувязі са сканчэннем тэрмінаў адказнасці.
Але неўзабаве Арцём Шапараў атрымаў па пошце новую іскавую заяву і позву ў суд на 25 верасня. У іскавой заяве дырэктарка школы просіць прызнаць некалькі відэазапісаў Шапарава, размешчаных на ютубе ганьбуючымі ейны гонар і годнасць, спагнаць з блогера 5000 рублёў маральнай шкоды ды судовыя выдаткі.
![pymtydtbtky.jpg pymtydtbtky.jpg](/img/v1/images/pymtydtbtky.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таксама ў пазове Ніна Старажэнка тлумачыць, што ёй была нанесеная значная маральная шкода: дырэктарка школы трапіла ў лякарню і прапусціла выпускны вечар, бо была дужа ўсхваляваная і ўстрывожаная тым, што Арцём Шапараў у некалькіх сваіх роліках стварыў для яе вобраз, які асацыюецца з войскамі СС.
Нагадаем, Арцём Шапараў зняў ролік пра маці-адзіночку, якой Старажэнка пагражала пастаноўкай на ўлік па сацыяльна-небяспечным стане дзяцей за тое, што ў жанчыны была невялікая нясплочаная пазыка па ЖКГ, дома не паўсюль былі паклеены шпалеры і жыў стары сабака, які, на думку дырэктаркі, ствараў антысанітарыю ў кватэры. Гэты ролік Шапараў выклаў у ютуб пад назвай "Як затравіць шматдзетную маці. Даведнік ад дырэктара школы". Карцінкай прэв'ю да гэтага роліка паслужыў фотакалаж, у якім Ніна Старажэнка апранутая ў кіцель, візуальна падобны да формы СС.