Суд над гомельскімі праваабаронцам і валанцёркамі пачнецца 3 верасня. Што вядома пра справу і суддзю?
Палітзняволеныя праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца ўтрымліваюцца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 ужо сем месяцаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтай справе таксама праходзіць валанцёрка Марыя Тарасенка, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», працэс супраць праваабаронцы і валанцёрак пачнецца ўжо 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля. Разглядаць крымінальную справу супраць вясноўцаў будзе суддзя Сяргей Салоўскі. Яшчэ летам мінулага года Леанід дапамагаў гамельчуку падаваць скаргу ў ААН на гэтага суддзю праз парушэнне ягоных правоў, а ўжо гэтым летам Салоўскі адмовіў Судаленку ў спатканні з блізкімі. Але праваабаронца праз скаргу ўсё ж такі дамогся сустрэчы з сям'ёй. «Вясна» распавядае, за што будуць судзіць праваабаронцу і валанцёрак, чаму гэтая крымінальная справа з'яўляецца палітычна матываванай і што вядома пра суддзю Салоўскага.
Што вядома па справе гомельскага праваабаронцы і валанцёрак?
Праваабаронцу Леаніда Судаленку і валанцёрак Марыю Тарасенку і Таццяну Ласіцу абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца, у віну яму ставіцца:
эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
прызыў у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля М. Гульжэннікаву пасля 15 сутак;семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.Праваабаронца з 18 студзеня знаходзіцца ў СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і нявыездзе.
Па справе было апытана больш за 200 сведак. Яна ўтрымлівае 77 тамоў.
Вядома, што на 17 верасня на суд па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі выкліканы ў якасці сведкі магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Відэа «Рудабельскай паказухі», семінар па лічбавай бяспецы праваабаронцам: што ставіцца ў віну па артыкуле 342 КК Леаніду Судаленку
Леанід распавёў з СІЗА калегам, што яму канкрэтна ставіцца ў віну па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), і каментуе абвінавачанні следства ў адносінах да сябе.
Чым вядомы суддзя, які будзе весці справу супраць праваабаронцы і валанцёрак?
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі вядомы тым, што з'яўляецца «лідарам» па сумарным тэрміне арышту па справах па «народных» артыкулах КаАП падчас жнівеньскіх пратэстаў мінулага года. «Дзякуючы» яму ўдзельнікі мірных акцый пратэсту сумарна правялі за кратамі больш за тры месяцы.
У 2020 годзе Салоўскі двойчы аштрафаваў па арт. 23.5 КаАП (распаўсюд перыядычных друкаваных выданняў без выходных даных) (былы арт. 22.9) журналістку Ларысу Шчыракову за рэпартажы для «Белсату» за апытанне наконт каронавіруса і за шпацыр на набярэжнай Сожа, ініцыяваны блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Цікава, што праваабаронца Леанід Судаленка яшчэ ўлетку мінулага года дапамагаў гамельчуку Валерыю Смеяну падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэнне яго правоў на мірны сход і выказванне асабістага меркавання суддзёй Салоўскім. Відавочна, што гомельскі суддзя з'яўляецца зацікаўленай асобай у пераследзе Судаленкі. Можна меркаваць, што праваабаронца будзе заяўляць адвод яму, але ці задаволіць яго Салоўскі?
Праваабаронца Леанід Судаленка напачатку жніўня папрасіў у суддзі Салоўскага спатканне з жонкай і дзецьмі. У праваабаронцы трое сыноў — малодшаму Мікіту 11 гадоў. Але суддзя адказаў, што не дазваляе спатканне, бо «няма прававых падстаў». Тады праваабаронца накіраваў скаргу на імя старшыні суда Цэнтральнага раёна Віктара Казачка. Той дазволіў яму спатканне з усімі членамі сям'і.
«І як мяне можа судзіць чалавек, які не бачыць для спаткання "прававых падстаў", бо закон не забараняе спаткання з блізкімі сваякамі?» — адзначыў у лісце карэспандэнту БелаПАН Судаленка.
Дазвол на спатканне ён называе «маленькай перамогай». Разам з тым праваабаронца піша, што не чакае цуду ад суда і думае, што на «пару гадоў» адправіцца ў турму.
Чаму справа супраць гомельскіх праваабаронцаў палітычна матываваная?
Леанід Судаленка — вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які на працягу дваццаці гадоў займаецца абаронай правоў чалавека. Ён аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў грамадзян з боку беларускіх уладаў. За сваю праваабарончую дзейнасць у 2018 годзе Леанід быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі «Свабода–Роўнасць–Братэрства». У 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».
Беларускія ўлады рэгулярна пераследавалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі няўдалыя правакацыі з мэтай прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрэдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецсужбам адмысловых інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.
Цяперашні крымінальны пераслед праваабаронцы і валанцёрак адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не зрабіліся выключэннем і прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны, якія таксама зазнаюць рэпрэсіі і ціск у сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.
Праваабарончая дзейнасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю, і пераслед за яе ажыццяўленне з’яўляецца абсалютна непрымальным, вельмі грубым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў. Зыходзячы з гэтага, беларуская праваабарончая супольнасць лічыць пераслед Леаніда Судаленкі, Марыі Тарасенкі, Таццяны Ласіцы з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод.
spring96.org