Суд над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі зрабілі закрытым

Пракурор Раман Бізюк заявіў хадайніцтва аб слуханні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, паколькі «ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці», перадаюць праваабаронцы.

inkedphoto_2022_04_25_13_16_49_li.jpg

Адразу на суд пусцілі ўсіх жадаючых — каля 45 чалавек. Перад залай суда, дзе судзілі палітвязняў, не было рамак аховы. Марфа Рабкова на судзе была ў сімвалічнай майцы "Добі вольны эльф". Прысутныя адзначылі, што яна вельмі схуднела за час зняволення, выглядае стомленай і бледнай. На суд з'явілася толькі прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка ад "Белтэлерадыёкампаніі" Дудзінская, астатнія не з'явіліся.
Суддзя, заслухаўшы меркаванне ўсіх удзельнікаў працэсу, забараніў на пасяджэнні ажыццяўляць фота і відэаздымку.
На судзе Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец і Аляксандр Казлянка адмовіліся ўставаць, калі прадстаўляліся суду. Суддзя спытаў у Францкевіча, чаму ён не ўстае, той адказаў:
"Не бачу сэнсу — і так сядзім".
Калі Павел Шпетны назваў дату нараджэння — 25 красавіка — то суддзя павіншаваў яго З Днём нараджэння.
"У вас сёння Дзень нараджэння? Віншуем вас!", — сказаў Сяргей Хрыпач.
Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч і Аляксандр Казлянка сказалі, што не бачаць сэнсу заяўляць адвод. На працэсе толькі Андрэй Чапюк заявіў адвод суддзі Сяргею Хрыпачу:
"Я двойчы падаваў заяву ў суд аб тым, што па заканчэнні з папярэднім следствам я не змог азнаёміцца з часткай крымінальнай справы, а менавіта, з аўдыя- і відэазапісамі. Калі падаваў хадайніцтва, то мне было адмоўлена ў азнаямленні.
У матэрыялах справы 160 тамоў. Пры гэтым, майму абаронцу не было прадастаўлена магчымасці фатаграфаваць. Гэтыя абставіны паказваюць на тое, што суддзя яшчэ да суда парушае маё права на абарону. Дадзеная сітуацыя дае мне права і падставу лічыць, што суддзя асабіста, прама і ўскосна зацікаўлены ў зыходзе гэтай крымінальнай справы".
Гаеўскі-Ханада падтрымаў дадзенае хадайніцтва Чапюка, бо лічыць, што "суд з'яўляецца зацікаўленым бокам і, у першую чаргу, таму што суд з'яўляецца часткай рэпрэсіўнага апарата дзяржавы і зацікаўлены ў тым, каб пераследваць актывістаў, іншадумцаў..." Далей Хрыпач перапыніў яго.
Хадайніцтва палітвязня падтрымалі таксама Галаўко, Дранец, Казлянка, Марач, Рабкова, Францкевіч, Чуль, Шпетны.
Усе палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу. Мікіта Дранец сказаў: «Мы супраць, але зыход мы ўсе ведаем».
Марфа Рабкова заявіла: «Катэгарычна супраць».
Нягледзячы на гэта, суддзя Сяргей Хрыпач, параіўшыся на месцы, задаволіў хадайніцтва пракурора і вырашыў закрыць суд па справе дзесяці палітзняволеных. Усіх прысутных выгналі з залы суда.
Падрабязней пра справу чытайце тут.