У Віцебску судзяць траіх дзяўчат і хлопца, якія «пахавалі» Лукашэнку
За перформанс на могілках ім пагражае 6 гадоў калоніі.
Справу пачалі разглядаць 25 красавіка ў судзе Віцебскага раёна. Лёс абвінавачаных будзе вырашаць суддзя Міхаіл Зубеня, інфармуе «НН».
Па справе праходзяць чацвёра маладых людзей: тры дзяўчыны і адзін хлопец.
Ірыне Пярцовай і Кацярыне Макарэвіч па 27 гадоў, Юліі Лабуновай — 34, Арцёму Латышаву 29. Усе яны знаходзяцца пад вартай з верасня 2021 года і правялі 7 месяцаў за кратамі ў чаканні суда.
Што ж такога ўчынілі гэтыя чацвёра?
«Прыхільнікі экстрэмізму выбіралі асабліва цынічную і абразлівую форму выказвання сваіх палітычных перакананняў, праводзілі лакальныя акцыі, а свае так званыя «дасягненні» здымалі на відэа. Ролікі яны публікавалі ў адкрытым доступе ў інтэрнэце для ўсеагульнага прагляду з мэтай прыцягнення ўвагі і фармавання масіву пераймальнікаў», — рапартавалі следчыя.
У перакладзе на чалавечую мову: маладзёнаў затрымалі за аматарскія перформансы на палітычныя тэмы. Свае дзеянні яны абмяркоўвалі ў закрытым віцебскім тэлеграм-чаце, туды выкладвалі і відэаролікі.
У чэрвені 2021 яны знялі відэаролік, у якім разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з налепленай фатаграфіяй беларускага дзяржаўнага журналіста. Запісвалі відэа, як паляць асобнікі дзяржаўных газет.
А ў жніўні 2021 года маладзёны зладзілі акцыю на віцебскіх могілках. На адну з магіл яны паставілі партрэт Лукашэнкі і выпілі шампанскага.
Ужо праз месяц удзельнiкаў перформансу затрымалi.
«Ірына раней палітыкай асабліва не цікавілася. Нават у 2015 годзе, калі не памыляюся, увогуле не галасавала на прэзідэнцкіх выбарах. Звычайная дзяўчына: працавала ў дзіцячым садку. Спачатку была нянечкай, пасля выхавальніцай.
Была замужам, нарадзіла дзіця, але пасля развялася. Дзіця жыла ў асноўным з бабуляй, маці Ірыны. Сама яна жыла асобна», — расказвае пра Пярцову знаёмы.
Малое дзіця ёсць і ў Юліі Лабуновай. Яна пісала з СІЗА:
«Стала маляваць, дакладней, змалёўваць. Шашкі, так, гуляю, нарэшце спадабалася. Кнігі тут – лухта поўная, але чытаю што ёсць, свае нельга… Калі шчыра, на НГ усё роўна. Лепей бы гэта ўсё хутчэй скончылася. Цяжка мне ўсведамляць, што дачцэ давядзецца расці без маці… Так балюча і страшна. Але трэба трымацца, ведаю».
Вядома, што прынамсі некаторых з гэтай кампаніі першапачаткова затрымлівалі за стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім — маецца на ўвазе тэлеграм-чат.
«За Ірынай сілавікі прыйшлі проста на працу, у дзіцячы садок, там яе і затрымалі», — кажа сябра Ірыны Пярцовай.
Але цяпер у абвінавачванні засталіся артыкулы аб хуліганстве, учыненым групай асобаў (арт. 339, частка 2 КК), апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК) . Маладзёнам пагражае да 6 гадоў калоніі.