Асуджаны яшчэ адзін футбольны заўзятар
У Мазыры асуджаны яшчэ адзін футбольны заўзятар Віталь Мелех.
Стала вядома, што яшчэ 14 красавіка суд Мазырскага раёна вынес прысуд футбольнаму заўзятару Віталію Мелеху. Ён прызнаны вінаватым у «грубым парушэнні грамадскага парадку» і «гвалце ў адносінах да супрацоўнікаў унутраных спраў», паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядала суддзя Валянціна Новікава.
21-гадовы Віталь Мелех быў абвінавачаны па частцы 1 артыкула 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і па артыкуле 364 («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў») Крымінальнага кодэкса РБ.
Віталь Мелех спачатку быў затрыманы ў траўні 2021 года разам з яшчэ 10 грамадзянамі, у асноўным — заўзятарамі мазырскай футбольнай каманды «Славія». Афіцыйна сцвярджалася, што яны — «удзельнікі каляфутбольнай групіроўкі праварадыкальнай накіраванасці».
Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведамла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года.
Прэс-служба Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама тады заявіла, што затрыманыя выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі і кідалі ў іх камяні. Аднак, па сведчанні мясцовых грамадзян, у Мазыры пасля выбараў адбываліся мірныя сходы мясцовых жыхароў, а міліцыя разам з унутранымі войскамі выцяснялі ўдзельнікаў сходаў з цэнтральнай плошчы, жорстка затрымлівалі і збівалі ўдзельнікаў мірных акцый.
Разгляд справы ў судзе адносна В. А. Мелеха пачаўся яшчэ 14 сакавіка.
Роўна праз месяц быў вынесены прысуд: два з паловай гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.