Судаленка пра касацыю па справе загінулай школьніцы: «Я веру ў перамогу»

У Мінскім абласным судзе 26 студзеня ў 14:00 разгледзяць касацыйную скаргу на рашэнне Маладзечанскага суда аб адмове ў прызнанні факту працоўных адносін паміж загінулай на ўборцы бульбы школьніцай Вікторыяй Папчэня і працадаўцам ААТ «Усход-Агра».

2c3130d03bdaec45a937be46e241edcc.jpg


Інтарэсы бацькі загінулай дзяўчынкі Алега Папчэні будзе прадстаўляць прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка.
— 26 студзеня вырашыцца, будуць у краіне і далей «выхоўваць» школьнікаў прымусовай працай або гэтаму вар'яцтву будзе пакладзены канец. Але я ўсё ж такі веру ў перамогу. Вельмі важна, што пракурор Маладзечанскага раёна Уладзімір Дубоўскі падтрымаў нашы довады. Таму, калі рашэнне будзе прымацца па законе, значыць, прызнаюць працоўныя адносіны. Той бок настойвае на тым, што гэта быў выхаваўчы працэс, але ў дакументах чорным па белым напісана, што гаворка ішла аб працоўных адносінах, — сказаў прафсаюзны юрыст praca-by.info.


Нагадаем, 12 снежня 2016 году суд Маладзечанскага раёна адмовіў Алегу Папчэне, бацьку загінулай на ўборцы бульбы Вікторыі Папчэня, у задавальненні пазову аб прызнанні факту працоўных адносін паміж ААТ «Агра Усход» і яго непаўналетняй дачкой.