«Судзілі за арганізацыю, цяпер — за заклікі». Севярынца зноў выклікалі ў суд

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец мае 26 снежня з’явіцца ў Фрунзенскі раённы суд Мінску, паведамляе «Свабода».

caa9e442_5378_470d_bb5d_77adfbbf635c_w1023_r1_s.jpg

«Цяпер будуць судзіць за заклікі да пратэставай акцыі 7 снежня, — расказаў ён. — Зноў пагражае 15 сутак. Наперадзе, думаю, яшчэ 4 суды, і калі на кожным дадуць па 15 сутак, дык будзе агулам больш за 2 месяцы.

Абсурд! Гэтак хочуць паквітацца за барацьбу за незалежнасць, да якой мы заклікаем уладу».

7, 8, 20 і 21 снежня ў Мінску прайшлі акцыі супраць «паглыблення інтэграцыі» з Расіяй, адным з арганізатараў якіх быў Павал Севярынец. Агулам у акцыях бралі ўдзел да 3 тысяч чалавек.

18 снежня, за два дні чарговага мітынгу ў абарону незалежнасці на Кастрычніцкай плошчы Мінску, Павал Севярынец быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак Савецкім раённым судом, але адпушчаны без тлумачэнняў.

У той жа дзень па 15 сутак арышту атрымалі арганізатары і ўдзельнікі мітынгаў 7 і 8 снежня Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Дзяніс Урбановіч. Актывісты дагэтуль знаходзяцца ў турме на Акрэсціна, дзе прабудуць, як мяркуецца, да 2 студзеня.