Супраць стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага завялі крымінальную справу
КДБ цісне на сваякоў Вадзіма Кабанчука — намесніка камандзіра палка Каліноўскага, паведамляюць праваабаронцы.
Супраць Сяргея Франчука, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, распачалі крымінальную справу
Як паведаміла маці Вадзіма Таісія Кабанчук, Сяргея забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек з мінскага АМАПа ўварваліся ў кватэру, ударылі Сяргея пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлэфон, ноўтбук і самаго Сяргея Франчука.
Пасля затрымання Франчука асудзілі на 15 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыі. У тэлеграм-канале сілавікоў апублікавалі «палоннае» відэа. На ім Сяргей кажа, што не ўхваляе дзеянні свайго брата, прызнаецца ў тым, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, у тым ліку выходзіў на дарогу і перашкаджаў руху транспарту. На гэтым відэа ў Франчука лоб быў залеплены пластырам.
Пасля адбыцця тэрміну арышту, які скончыўся 23 жніўня, Сяргей не выйшаў на волю.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, супраць яго распачата крымінальная справа па арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса Беларусі. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
На допыт у КДБ таксама выклікалі стрыечную сястру намесніка камандзіра палка і яе мужа, у іх пыталіся і пра Вадзіма Кабанчука.
Нагадаем, як пісаў НЧ, Вадзім Кабанчук нарадзіўся ў Бабруйску. У 90-я гады быў актывістам «Маладога Фронту». Скончыў Беларускую політэхнічную акадэмію. Вадзім быў адным з першых палітычных вязняў у Беларусі. За ўдзел у акцыях апазіцыі 10 і 23 сакавіка 1997 года яму прад’явілі абвінавачванні па двух крымінальных артыкулах: «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «супраціў супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў, звязаны з гвалтам альбо пагрозай прымянення гвалту». Вадзім быў затрыманы ў кастрычніку 1997-га і змешчаны ў мінскі СІЗА па вул. Валадарскага, дзе правёў да суда амаль 6 месяцаў. Яго спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ катаваннямі. 27 сакавіка 1998 года яго асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Вадзім Кабанчук быў вызвалены з-пад варты ў зале суда 27 сакавіка 1998-га.