Сустаршыня страйкаму «Беларуськалія» арыштаваны на 25 сутак

Сустаршыня страйкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту па двух пратаколах.

zupxuy0npt4.jpg


Як паведамлялася, 21 верасня Бокун і яшчэ 21 чалавек былі дастаўленыя ў РАУС Салігорска пасля таго, сабраліся ля 4-га рудаўпраўлення «Беларуськалія» з мэтай падтрымаць Алега Кудзёлку, які адмовіўся падымацца з шахты.

«Пасля ўчорашняга затрымання проста на тэрыторыі 4-га рудаўпраўлення мірных рабочых, якія выйшлі падтрымаць свайго калегу, які выказаў пратэст і нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне, пад вартай застаўся Анатоль Бокун. Усіх астатніх затрыманых адпусцілі», — паведаміў страйкам «Беларуськалія».

«Выязны “суд” над Анатолем адбыўся ў 18.00 у будынку РАУС. Мабыць, у вачах нашых суддзяў і міліцыянтаў злачынец не той, хто здзяйсняе злачынства, а той, хто выступае ў падтрымку свайго таварыша», — адзначылі ў страйкаме.

Бокун быў затрыманы 24 жніўня і атрымаў штраф у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 31 жніўня Бокун быў зноў затрыманы і атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Паводле АФН