«Свята да нас прыходзіць, я сказаў!» Чаму ў Беларусі нават Новы год пад прымусам

Як улады ствараюць навагодні настрой з дапамогай дырэктыў і адмінрэсурсу. Спойлер: як заўсёды. Пра гэта піша «Салідарнасць».

Архіўнае фота «Камсамольскай праўды ў Беларусі»

Архіўнае фота «Камсамольскай праўды ў Беларусі»

— Гараджане хочуць свята, гэта было бачна, калі 10 снежня запальвалі агні на галоўнай ёлцы краіны на Кастрычніцкай плошчы. Там сабралася мноства людзей, — цытуе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Алега Корзуна дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».

Чыноўнік падкрэсліў, што «ўсе аб'екты на тэрыторыі сталіцы павінны быць годна ўпрыгожаныя».

— Аднак пакуль гэтага не назіраецца. Яшчэ не ўсе аўтазапраўкі, гандлёвыя аб'екты, установы аховы здароўя, ВНУ, банкі, аптэкі набылі святочны выгляд. Хоць забяспечыць навагодняе ўбранне неабходна было ў тэрмін да 15 снежня, — паскардзіўся намеснік старшыні.

І папярэдзіў, што ў адміністрацыях раёнаў Мінска працуюць кантралюючыя камісіі: «Тым, хто падышоў да стварэння святочнай атмасферы «недастаткова адказна», выдаюць прадпісанні і кантралююць іх выкананне». (Адзначым, і ў мінулыя гады большасць аб'ектаў сталіцы ўпрыгожваліся па ўстаноўцы чыноўнікаў).

Менавіта так, вы не недачулі: павінны падтрымліваць, працэс стварэння святочнай атмасферы кантралюе спецкамісія.

Чытаючы такія навіны, міжволі ўспамінаеш стары анекдот аб моцнай і любячай: «Я люблю, калі Коля побач. Побач, я сказала!!!».

Вось і ўлады Мінска, як умеюць, ствараюць святочны настрой: «Свята да нас прыходзіць. Прыходзіць, я сказаў!!!».


Глядзіце таксама

І тут узнікае заканамернае пытанне. Калі чыноўнікі ствараюць навагодні настрой з дапамогай дырэктыў і кантралёраў, ці не дойдзе справа да камісій па кантролі дэманстрацыі святочнага настрою ўдзячнымі грамадзянамі?

Падышоў хтосьці з мінчан і гасцей навагодняй сталіцы «недастаткова адказна» да выяўлення радасці ў гонар Новага года — атрымай прадпісанне і чакай кантролю за выкананнем.

І зусім ужо цікава, што атрымалася б, вырашы чыноўнікі з такой жа стараннасцю выканаць адно на ўсіх наша навагодняе пажаданне. Глядзіш, і больш не трэба было б гойсаць па запраўках у пошуках святочных гірлянд.