«Навагоднія салаты і садавіна на святочны стол абыдуцца адчувальна даражэй, чым год таму»

У лістападзе карціна з цэнамі ў эканоміцы выглядае ўжо не так пазітыўна, як яшчэ некалькі месяцаў таму. Паводле звестак, якія прыводзіць Нацбанк, у лістападзе менш за траціну тавараў у спажывецкім кошыку беларуса знізіліся ў кошце адносна лістапада мінулага года.

Фота з joinfo.com

Фота з joinfo.com

У верасні тавараў, якія знізіліся ў кошце, было больш за палову, а ў кастрычніку — 46,2%, адзначае тэлеграм-канал «Вашы грошы». У лістападзе такіх тавараў стала 26,7%.

Да 40,2% павялічылася доля тавараў, якія падаражэлі ў межах 5% да лістапада мінулага года, 16,3% тавараў падаражэлі на 5-10% і, нарэшце, яшчэ 16,8% тавараў прыраслі ў кошце больш чым на 10%.

Дынаміка раскіду кампанентаў індэкса спажывецкіх цэн наглядна паказвае паскарэнне тэмпаў росту коштаў, пра які так доўга казалі ўсе эканамісты. Цяпер галоўнае пытанне ў тым, наколькі гэты рост будзе плаўным.

Паколькі ад кантролю за цэнамі чыноўнікі адмаўляцца, па ўсёй верагоднасці, не будуць, то збольшага яны будуць павышацца лакальна, як у выпадку з курынымі яйкамі ў Расіі. Там, дзе стрымліваць кошты будзе немагчыма, іх адпусцяць, каб не дапусціць пустых прылаўкаў. У гэтым выпадку для пакупніка горш нават не тое, што росту коштаў будзе не пазбегнуць, а тое, што ён можа праявіцца ў самых нечаканых месцах.

Глядзіце таксама

На рост коштаў у Беларусі моцны ўплыў аказвае сезонны фактар. Кошт плодаагародніннай прадукцыі з прыходам ураджаю падае, і лепш закупляць такія тавары пра запас, бо потым цэны вельмі хутка растуць. Да канца восені кошт гародніны быў на 16,1% вышэйшы за леташні. Сярэдні паказчык інфляцыі па эканоміцы, паводле афіцыйных лічбаў, цяпер 5,4%, але для большасці насельніцтва рост коштаў на гародніну акажацца куды больш нагляднай дэманстрацыяй рэальнага стану спраў.

Разгледзім плодаагароднінныя цэны дэталёва. Пры сярэднім росце кошту плодаагародніннай прадукцыі на 16,1% год да года больш за ўсё падаражэлі памідоры (+49,7%), часнок (+45%), капуста (+31,1%), грушы (+42,2%), яблыкі (+29,0%).

Але ёсць гародніна, якія патаннела: бульба (-19,2%), перац (-16,4%). У бліжэйшыя дні цэны на гародніну і садавіну будуць расці.

Таму навагоднія салаты і садавіна на святочны стол абыдуцца адчувальна даражэй, чым год таму.

Усё гэта сведчыць, што эпоха «ручнога рэгулявання цэн», верагодна, падыходзіць да канца. Эканоміка пачынае браць сваё.

Глядзіце таксама