Святар на дарозе збірае грошы на аплату штрафаў

Іераманах Вікенцій (Кавалькоў), святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, штонядзелю выходзіць на шашу, каб пасвінцаць машыны і сабраць ахвяраванні.

Айцец Вікенцій збірае ахвяраванні на дарозе

Айцец Вікенцій збірае ахвяраванні на дарозе

Выйсці «на дарогу» святара прымусілі штрафы, якія яму прысудзілі за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года, а таксама за наведванне пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на Камароўцы. Айцец Вікенцій павінен сплаціць дзяржаве каля трох тысяч долараў.
— Я атрымліваю пенсію як інвалід другой групы, 210 рублёў. З яе ў мяне вылічваюць па 50 рублёў за штрафы. Таму, каб неяк пражыць, мне даводзіцца стаяць на дарозе і збіраць ахвяраванні, — гаворыць айцец Вікенцій.
 Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква хоць і была абвешчаная яшчэ напачатку мінулага стагоддзя, да сёй пары не зарэгістіраваная ў незалежнай Беларусі, таму яе прадстаўнікі не маюць права весці набажэнствы і распаўсюджваць хрысціянскія ідэі. Але Беларусь павінна мець сваю нацыянальную царкву, а не тую, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату РПЦ, перакананы айцец Вікенцій. Гэтая ідэя і трымае святара ў супольнасці БАПЦ і прымушае выказваць актыўную пазіцыю ў адстойванні незалежнасці краіны. Але ў сучаснай Беларусі за гэта даводзіцца плаціць, і даволі дорага.


У айца Вікенція няма рахунку, куды можна было б пералічыць фінансавую дапамогу. Але штонядзелю ён выходзіць на ўзбочыну праезднай часткі на вуліцы Ціміразева ў Мінску, што на шляху на рынак «Ждановічы». Там ён збірае ахвяраванні за тое, што свінцае машыны, якія спыняюцца каля яго.  


За ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй быў аштрафаваны таксама святар БАПЦ Леанід Акаловіч.