Рада БНР: Закрытыя кантакты Лукашэнкі і Пуціна нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі

Рада БНР выступіла з заявай, у якой звярнула ўвагу на закрытыя непублічныя кантакты паміж рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія працягваюцца ў цяперашні неспакойны для Беларусі час. Іх часткай мае зрабіцца асабістая сустрэча А. Лукашэнкі і У. Пуціна, запланаваная на 30 чэрвеня ў расійскім Ржэве.

106126735_10156859089076157_1702517026817426996_n.jpg


У заяве звяртаецца ўвага на тое, што ліквідацыя дзяржаўнага суверэнітэта Беларусі і далучэнне тэрыторыі Беларусі застаецца доўгатэрміновай мэтай агрэсіўнага нацыяналістыянага рэжыму, які пануе ў цяперашняй Расіі.
"А. Лукашэнка прыйшоў да ўлады і ўсталяваў свой аўтарытарны рэжым як праваднік інтарэсаў рэваншысцкіх колаў у Расіі. Больш як два дзесяцігодздзі рэжым А. Лукашэнкі выжываў выключна дзякуючы эканамічнай і палітычнай падтрымцы з боку Расійскай Фэдэрацыі.
У цяперашні час пандэмія каранавіруса і эканамічны крызіс падкасілі папулярнасць аўтарытарнага кіраўніцтва як у Беларусі, так і ў Расіі. Гэта адбылося ў вырашальны для абодвух рэжымаў момант, калі ў Беларусі ідзе кампанія па выбарах прэзідэнта, а ў Расіі адбываецца галасаванне па новай Канстытуцыі, якая мае яшчэ больш умацаваць аўтарытарны характар палітычнага рэжыму ў краіне".
Рада БНР лічыць, што беларускае грамадства павінна аказаць ціск на ўлады Рэспублікі Беларусь і не дапусціць здачу А. Лукашэнкам сувэрэнітэта Беларусі ў абмен на чарговую дапамогу з боку Расіі.
Таксама Рада БНР паўторна заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх арыштаваных палітыкаў, актывістаў, журналістаў і блогераў, а таксама правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары ва ўсе органы ўлады ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.