«Галоўная пагроза суверэнітэту Беларусі — яе "гарант", які бестэрмінова займае пасаду прэзідэнта»
Аргкамітэт Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць трэцяга ліпеня выступіў з заявай.
3 ліпеня ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйна святкуецца Дзень Незалежнасці. Такая дата галоўнага свята беларускай дзяржавы была ўсталяваная чвэрць стагоддзя таму ў выніку рэферэндуму, праведзенага па ініцыятыве Лукашэнкі. Тады ў парушэнне канстытуцыйных патрабаванняў былі змененыя не толькі дата Дня Незалежнасці, але і дзяржаўныя сцяг і герб, які меў шматвяковую нацыянальную гісторыю, беларуская мова была пазбаўлена статусу адзінай дзяржаўнай мовы.
Змена нацыянальна-дзяржаўнай сімволікі патрэбная была Лукашэнку для падпарадкавання маладой суверэннай дзяржавы, беларускага народу імперскаму мінуламу СССР, інтэграцыі з Расіяй і ўмацавання рэжыму асабістай улады.
Аднак многія беларусы памятаюць і святкуюць Дзень Незалежнасці менавіта 27 ліпеня, калі ў 1990 годзе была на ўвесь свет абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Так, 30 гадоў таму, яшчэ ў складзе СССР беларусы заявілі, што незалежнай беларускай дзяржаўнасці быць! У жніўні 1991 года Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага акту, і Беларусь стала суверэннай дзяржавай.
Мы заклікаем усіх патрыётаў Беларусі, усіх дэмакратычна думаючых людзей у Беларусі і за яе мяжой годна адсвяткаваць 27 ліпеня трыццацігадовы юбілей Незалежнасці Беларусі. Пры гэтым мы з разуменнем ставімся да даты 3 ліпеня, якая застанецца памятным днём у нацыянальнай гісторыі, асабліва для мінчукоў, у гонар вызвалення ў 1944 годзе сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
У гэтыя дні мы шануем памяць нашых продкаў, якія загінулі за вызваленне беларускай зямлі падчас Другой сусветнай вайны. Але мы таксама з трывогай назіраем, як цяперашняя ўлада спекулюе на ваеннай тэматыцы на шкоду задачам мадэрнізацыі грамадскага ўладкавання Беларусі, прагрэсіўнага развіцця яе эканомікі і сацыяльна-палітычнай сферы. Замест паляпшэння сацыяльнага забеспячэння ветэранаў, пенсіянераў, праводзяцца ва ўгоду мілітарысцкай бравадзе мясцовага кіраўніка ваенныя парады і іншыя дарагія мерапрыемствы.
У гэтым годзе парад 9 траўня ў Мінску прайшоў яшчэ і не на карысць здароўю беларускіх грамадзян — падчас страшнай эпідэміі каронавіруса, ва ўмовах, якія празвалі «балем падчас чумы». Ні ў адной краіне свету афіцыйная ўлада так легкадумна не паставілася да аховы здароўя сваіх суграмадзян ад наступстваў смяротнага віруса, як з падачы Лукашэнкі ў беларускай дзяржаве. Межаў Рэспублікі Беларусь ўлада не закрывала (ад нас іх закрылі краіны-суседзі), не ўвяла абмежавальных мер, блізкіх да каранціну, а афіцыйнай статыстыцы інфіцыраваных і памерлых ад каронавіруса ў краіне не верыць ніхто. Бяспеку здароўя нацыі падпарадкавалі задачам эканомікі і перавыбрання на пасаду прэзідэнта Лукашэнкі, які ўжо паспяшаўся заявіць пра перамогу над вірусам «нашай сістэмы аховы здароўя».
Мы таксама не падзяляем святочных пасланняў афіцыйнага Мінска ў бок Расіі, дзе крамлёўскі ўладар сваімі папраўкамі змяніў Асноўны закон РФ, падобна таму, як у 1996 годзе такі ж антыканстытуцыйны пераварот здзейсніў Лукашэнка. Канстытуцыя РФ цяпер надзеліць Пуціна неабмежаванай у часе і прасторы «імператарскай уладай». Новыя канстытуцыйныя нормы (расійскае права вышэй за міжнароднае, «абарона гістарычнай праўды», «гістарычна складзенае дзяржаўнае адзінства», «падтрымка суайчыннікаў за мяжой») рыхтуюць глебу для будучага пашырэння РФ з «дзяржаваўтвараючым народам» у бок зневажання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці постсавецкіх і іншых краін, суседніх з Расіяй.
У справе абароны ад крамлёўскай агрэсіі наш народ не можа ў поўнай меры разлічваць на цяперашняга кіраўніка дзяржавы, які па арт. 79 Канстытуцыі Беларусі абавязаны «прымаць меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці». Лукашэнка з першых дзён свайго кіравання вёў палітыку інтэграцыі з РФ, на шкоду беларускаму суверэнітэту будаваў «саюзную дзяржаву РФ і Беларусі», выношваючы планы заняць вышэйшы пост аб'яднанай дзяржавы.
У снежні мінулага года працэс «паглыблення інтэграцыі» з РФ, «гульні ў дарожныя карты» прывялі да таго, што суверэнітэт Рэспублікі Беларусь быў на мяжы ліквідацыі. Тысячы беларускіх грамадзян, нягледзячы на пагрозу штрафаў і арыштаў, выйшлі на плошчы сваёй краіны, каб пратэставаць супраць гандлю незалежнасцю Радзімы. Тады ж мы вырашылі ў развіццё вулічных акцый склікаць Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць. І мы адбілі падпісанне апошніх, краплёных Крамлём, карт, абаранілі суверэнітэт, дапамаглі кіраўніку беларускай дзяржавы пазбегнуць нацыянальнай ганьбы.
І вось зноў Лукашэнка таемна ад сваіх суграмадзян вядзе перамовы з кіраўніком РФ, якія даюць падставу меркаваць, што беларуская незалежнасць ляжыць паперкай на крамлёўскім стале. На гэты раз заключэнне «пакта Пуціна-Лукашэнкі» ідзе вакол прызнання Расіяй легітымнасці перавыбрання беларускага ўладара на наступны прэзыдэнцкі тэрмін. Між тым з 1996 года ні адны выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю сумленнымі, адкрытымі, адпаведнымі стандартам АБСЕ.
Аднак ніколі раней, як у часе цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі, так нізка не падаў ўзровень падтрымкі Лукашэнкі з боку выбаршчыкаў (да сімвалічна названых народам «трох адсоткаў»). На канчатковы развал легітымнасці свайго кіравання Лукашэнка адказаў стварэннем новага ўрада, у якім павялічана колькасць сілавікоў, што выклікае яго параўнанне з «хунтай». Дзяржапарат разгарнуў канвеер рэпрэсій у дачыненні да альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў. Аднак і ў асяроддзі супрацоўнікаў сілавых органаў расце нежаданне саўдзельнічаць у пераследзе мірных маніфестантаў, у фабрыкаванні адміністрацыйных і крымінальных спраў супраць палітычных апанентаў.
Становішча, якое склалася ў нашай краіне, дазваляе сцвярджаць, што галоўная пагроза беларускай дэмакратыі і суверэнітэту — яе «гарант», які бестэрмінова займае пасаду прэзідэнта. Аўтарытарны ўладар, які ідзе на свой шосты з паловай тэрмін, публічна нагадаў суграмадзянам аб магчымым брутальным ужыванні зброі супраць тысяч мірных дэманстрантаў.
Перад абліччам пагрозы скочвання кіруючага рэжыму ў Беларусі да таталітарызму мы заклікаем усіх нашых грамадзян, у тым ліку службовых асоб грамадзянскіх ведамстваў і сілавых службаў, не выконваць неправавыя законы і загады, якія могуць прывесці да ахвяраў сярод мірных грамадзян Беларусі.
Мы таксама настойліва патрабуем спыніць адміністрацыйны і крымінальны палітычна матываваныя пераследы ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі, іншых апанентаў Лукашэнкі. У першую чаргу ўлада павінна вызваліць прызнаных праваабаронцамі палітвязняў.
Мы заяўляем, што ў ходзе бягучых «прэзідэнцкіх выбараў» увесь комплекс парушэнняў нормаў нацыянальнага, уключаючы выбарчае, заканадаўства і міжнароднага права ўжо прывялі да несапраўднасці гэтых выбараў. Любыя рашэнні, якія прыме пасля 9 жніўня грамадзянін Лукашэнка, асабліва ў дачыненні да нацыянальнай бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, не павінны мець афіцыйнай юрыдычнай сілы для грамадзян Беларусі і ўсёй сусветнай супольнасці.
Паводле прэс-рэліза