Святары Рускай Праваслаўнай Царквы выступілі супраць вайны ва Украіне

Святары РПЦ апублікавалі адкрыты зварот з заклікам да прымірэння і неадкладнага спынення вайны ва Украіне.

c4160000_0aff_0242_a2b8_08d9f5dad351_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Страшны суд чакае кожнага чалавека. Ніякая зямная ўлада, ніякія лекары, ніякая ахова не засцеражэ ад гэтага суда. Клапоцячыся пра выратаванне кожнага чалавека, які лічыць сябе дзіцем Рускай Праваслаўнай Царквы, мы не жадаем, каб ён з'явіўся на гэты суд, несучы на сабе цяжкі груз матчыных праклёнаў. Мы нагадваем, што кроў Хрыстова, пралітая Збаўцам за жыццё свету, будзе прынята ў сакрамэнце прычашчэння тымі людзьмі, хто аддае забойныя загады, не ў жыццё, а ў муку вечную. Мы смуткуем аб тым выпрабаванні, якое незаслужана выпала на нашых братоў і сёстраў ва Украіне», — цытуе тэкст звароту «Север.Реалии».

Святары заявілі, што «паважаюць богаданную свабоду чалавека» і лічаць, што народ Украіны «павінен рабіць свой выбар самастойна, не пад прыцэлам аўтаматаў, без ціску з Захаду ці Усходу».

Аўтары звароту таксама звярнулі ўвагу на масавыя затрыманні на антываенных акцыях у Расіі, падкрэсліўшы, што «ніякі негвалтоўны заклік да міру і спынення вайны не павінен гвалтоўна спыняцца і разглядацца як парушэнне закона».

«Мы заклікаем усе супрацьстаялыя бакі да дыялогу, таму што ніякай іншай альтэрнатывы гвалту не існуе. Толькі здольнасць пачуць іншага можа даць надзею на выхад з бездані, у якую нашы краіны былі кінутыя толькі за некалькі дзён. Дайце сабе і ўсім нам увайсці ў Вялікі Пост у духу веры, надзеі і любові. Спыніце вайну», — заклікаюць святары.

Пад лістом — болей за 100 подпісаў.