Святлана Ціханоўская: Ад кожнага з нас залежыць тое, як хутка нашы героі вернуцца дадому
Святлана Ціханоўская выказалася пра суд над сваім мужам Сяргеем Ціханоўскім.
Сёння, 24 чэрвеня, пачынаецца суд па справе Сяргея Ціханоўскага. Працэс будзе закрытым і пройдзе на тэрыторыі гомельскага СІЗА. Разам з Ціханоўскім судзяць Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Уладзіміра Цыгановіча.
Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды пачатку працэса: «29 мая 2020 года майго мужа Сяргея Ціханоўскага затрымалі проста на пікеце па зборы подпісаў. З тых часоў жыццё нашай сям'і — як і тысяч сем'яў беларусаў — вельмі змянілася.
З таго дня Сяргей ні разу не бачыў нашых дзяцей. Ён не чуў, як пяцігадовая Агнія пытаецца: "Мама, а тата дакладна не памёр?" І не чуў, як адзінаццацігадовы Карней адказвае ёй: "Наш тата — у закладніках у рэжыму".
Сяргей за гэты час не пайшоў ні на якія пагадненні з рэжымам. Ён застаецца тым жа ганарлівым і непахісным чалавекам, як на стрымах і плошчах.
Зараз абсалютна ўсё роўна, які тэрмін запытае Сяргею, а таксама Мікалаю Статкевічу, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу той, хто называе сябе пракурорам, і які прысуд зацвердзіць той, хто называе сябе суддзёй. Бо ўсе разумеюць, што гэта не суды, а персанальная помста і расправа ад таго, хто захапіў і ўтрымлівае ўладу пры дапамозе гвалту.
Сяргей сказаў: "Я буду сядзець столькі, колькі дазволіць народ Беларусі". Народ Беларусі — гэта я і вы, гэта беларусы ў краіне і з дыяспары. І ад кожнага з нас залежыць тое, як хутка нашы героі вернуцца дадому, абдымуць блізкіх і разам будуць будаваць краіну для жыцця».