Святлана Ціханоўская заклікала праяўляць гуманнасць да яе мужа ў СІЗА

Святлана Ціханоўская звярнулася да службовых асоб і супрацоўнікаў, ад якіх залежаць ўмовы ўтрымання і становішча Сяргея Ціханоўскага ў СІЗА: «Рабіце сваю працу правільна, сумленна і па законе, праявіце чалавечнасць і гуманнасць».

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

— Усе гэтыя дні, поўныя трывог, болю і гонару за беларускі народ, я ні на хвіліну не перастаю думаць аб маім самым дарагім чалавеку, мужы Сяргеі Ціханоўскім, які ўжо больш за два месяцы бязвінна пазбаўлены волі, падвергнуўся фізічным і маральным пакутам ў СІЗА, але, нягледзячы ні на што, працягвае трымацца мужна і стойка і пры кожнай магчымасці перадае мне сваю любоў і падтрымку, — кажа кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Святлана Ціханоўская. — Наколькі я ведаю, следчых дзеянняў з ім не праводзіцца ўжо больш за месяц, нядаўнія суды па другой скарзе на спагнанні ў СІЗА і на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай прайшлі без яго ўдзелу. Адвакаты бываюць у яго некалькі разоў на тыдзень, і тое, што я даведаюся ад іх, мяне і цешыць, і трывожыць. Радуе тое, што ён не зламаўся і не губляе свайго дару быць пазітыўным і энергічным ў любой сітуацыі. Вельмі важна для мяне, што ён давярае мне і падтрымлівае любое маё рашэнне.
Прыгнятае тое, што Сяргей ужо месяц сядзіць у цяжкіх умовах, у вельмі маленькай камеры, трэць якой займае туалет, дзе мала паветра і можна зрабіць толькі некалькі крокаў.
Ціханоўская падзякавала тым, хто перадаваў перадачы яе мужу, і папрасіла падтрымаць яго лістамі.
— Хачу толькі папрасіць цяпер пакуль нічога не прыносіць, таму што ліміт кілаграмаў перадач вычарпаны. Паколькі камера маленькая і душная, прадукты захоўваць Сяргею няма дзе, і валанцёры будуць уважліва разлічваць, што цяпер адпраўляць у пасылках. 18 жніўня у Сяргея дзень нараджэння. Буду ўдзячная тым, хто падтрымае яго лістамі, паштоўкамі і гісторыямі аб сустрэчах з ім, апублікаванымі ў СМІ і сацыяльных сетках.
Яна звярнулася да асобаў і супрацоўнікаў, ад якіх залежаць ўмовы ўтрымання і становішча мужа ў СІЗА:
— Рабіце сваю працу правільна, сумленна і па законе, праявіце чалавечнасць і гуманнасць. Вельмі шмат беларусаў любяць і паважаюць Сяргея Ціханоўскага, і для іх неабыякава, як да яго ставяцца ў СІЗА, дзе ён пакуль утрымліваецца. Я памятаю, што за кратамі знаходзіцца не толькі Сяргей. Там знаходзяцца Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, Алег Майсееў і Антон Сташэўскі, Віктар Бабарыка і яго сын і многія іншыя палітыкі, блогеры, сябры маёй каманды і проста людзі, якія хочуць пабудаваць краіну для жыцця, людзі, якія жорстка пацярпелі ў выніку мірных акцый. Дамагчыся іх вызвалення - гэта наша агульная і самая першая задача.
Нагадаем, Святлана Ціханоўская з'ехала з Беларусі ў Літву ў ноч з 10 на 11 жніўня. Напярэдадні каля 16.10 яна ўвайшла ў будынак ЦВК, каб падаць скаргу па выніках выбараў. З ёй паехаў адвакат Максім Знак. Каля 18.55 ён выйшаў з прыёмнай ЦВК адзін.
Адвакат заявіў, што Ціханоўская пакінула будынак праз іншы выхад. Вядома, што ў ЦВК яе чакалі высокапастаўленыя сілавікі.
tut.by