Сыход Аляксея Караля пацвердзіў, наколькі важна быць маральным чалавекам

Фігура Аляксея Караля, безумоўна, застанецца ў гісторыі краіны — як палітыка, дзеяча нацыянальнага дэмакратычнага руху, рэдактара недзяржаўных выданняў, журналіста. Але чытаю водгукі-спачуванні, і амаль усе людзі апелююць найперш да маштабу гуманістычных якасцяў асобы Караля. Цяпер усё больш прынята гаварыць пра поспехі, рэйтынгі, дабрабыт. А вось жа па выніку выходзіць, што шчырасць, суперажыванне і справядлівасць не згубілі ў цане.

dr_korolia_065_logo.jpg

Рэдактар вызначае атмасферу ў калектыве. І рэдакцыя “Новага Часу” ў гэтым плане, без перабольшванняў, ідэальная. З 2008 года, як прыйшла працаваць, я не бачыла тут звадак, сварак, інтрыг. Калегі сталі сябрамі, якія падтрымаюць у няпростыя моманты і раздзеляць радасць на белай паласе жыцця. Кароль задаў высокую планку галоўнага рэдактара ў міжасабовых рэдакцыйных стасунках. Больш за тое, яго адметную стрыманасць ды інтэлігентнасць хацелася б перанесці на іншыя бакі свайго жыцця. Прызнаюся, ужо не аднойчы лавіла сябе на думцы ў ацэнках людзей: “Кароль бы так не сказаў, не зрабіў”.

Я шчаслівая, што ў нейкі момант абрала рэдакцыю “Новага Часу” ў якасці патэнцыйнага месца працы (а рэдакцыя, ці Кароль абралі мяне). Свабоду, безумоўную павагу да асобы не раздаюць на кожным скрыжаванні. Мне падаецца, што рэдактар Кароль часта верыў у журналістаў больш, чым яны самі ў сябе. Гэта натхняе, надае моцы і ўпэўненасці. Перакананая, што да высокай, а не прыніжальнай, ацэнкі іншых здольныя людзі, якія поўныя самі вераю ў ідэалы, у чалавека, урэшце аптымісты.

Кароль быў аптымістам — ніколі не скардзіўся, усміхаўся, падбадзёрваў. Нават калі прыйшлі навіны пра пагаршэнне стану, верылася, што Аляксей Кароль выберацца, бо папросту немагчыма ўявіць свой свет без гэтага чалавека. Я спадзявалася на медыцыну. Думала, што праз месяц-другі можна будзе пры сустрэчы пытацца пра выхаванне дзяцей, абмяркоўваць працоўныя планы, гаварыць пра рэдакцыйнае і асабістае.

Ёсць моманты, калі моцна хочацца верыць у існаванне іншага свету. Так расстанне выглядае менш балючым, бо з’яўляецца цьмяны спадзеў на сустрэчу з чалавекам, які займае вялікае месца ў жыцці.