Аляксей Кароль. Узор беларускай салідарнасці

Цяжка пісаць пра чалавека ў мінулым часе. Размова пра тых, з кім не проста быў знаёмы, але і вёў агульныя справы.



589e48b4_cde6_45ac_ad68_586b17ba77a6_mw1024_s_n.jpg

Лёс блізка звёў мяне з Аляксеем Сцяпанавічам у 2006 годзе, калі ў кожнага з нас былі нявырашаныя пытанні: Мінская гарадская арганізацыя ТБМ, якую я на той час узначальвала, стаяла перад праблемай, як у новых гаспадарчых умовах працягваць выдаваць заснаваную намі і зарэгістраваную газету «Новы час», а рэдактар зачыненай «Згоды» быў заклапочаны далейшым лёсам рэдакцыйнай каманды. У гэтай сітуацыі мы і пазнаёміліся. Вынікам перамоў стала наша супрацоўніцтва па далейшым выданні газеты «Новы час» журналістамі зачыненай «Згоды». Гэта для мяне назаўсёды будзе прыкладам беларускай салідарнасці ў процівагу тым меркаванням, што нам, беларусам, неўласціва дамаўляцца між сабой. Салідарнасць — рэч, па майму перакананню, канкрэтная. І яна тады мае месца, калі гаворка ідзе пра людзей, якія насамрэч вызнаюць агульныя каштоўнасці і трымаюцца агульных мэтаў.

Падчас нашай супрацы былі, вядома ж, розныя моманты, але непаразуменняў і канфліктаў у нас не ўзнікала ніколі. Можа, таму розныя арганізацыйныя пытанні вырашаліся проста, што Аляксей Сцяпанавіч умеў працаваць з людзьмі дэмакратычна, ненавязліва, але пераканаўча. І як мне здаецца, яго атачалі годныя людзі. Бо калі ты сам чалавек шчыры, то і прыцягваеш адпаведных людзей.

Нам не дадзена выбіраць ні час, ні месца нараджэння. Але мы можам самі напаўняць сваё жыццё адпаведным зместам праз свае ўчынкі і справы. Праз іх і застаемся ў людской памяці і гісторыі.

Аляксей Сцяпанавіч Кароль застаецца для мяне прыкладам асабістай мужнасці, высакароднасці ў стасунках з людзьмі, чалавекам, які імкнуўся годна рабіць справу, за якую браўся.

Алена Анісім, першы намеснік старшыні ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».