«Сын пайшоў забіраць рэчы на Акрэсціна — і не выйшаў»: хлопца знайшлі ў бальніцы з ЧМТ

На Акрэсціна працягваюць збіваць людзей. Двойчы не пашанцавала Мікіту Селезню, якога вызвалілі 14 жніўня, а на наступны дзень, 15-га, ён пайшоў забіраць свае рэчы на Акрэсціна — і сваякі, не дачакаўшыся пад дзвярыма ІЧУ, праз пэўны час знайшлі яго ў 9-й бальніцы — кульгавага і з чэрапна-мазгавой траўмай.  

Завулак Акрэсціна. Ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года. Фота Арцёма Лявы.

Завулак Акрэсціна. Ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года. Фота Арцёма Лявы.

24-гадовы Мікіта Селезень зараз знаходзіцца ў 9-й бальніцы. З ЦІП на Акрэсціна яго даставілі ў 9-ю бальніцу.


24-гадовага Мікіту Селезня затрымалі з 11 на 12 жніўня на Каменнай Горцы ў гандлёвым цэнтры. Гісторыю двойчы затрыманага і двойчы збітага “праваахоўнікамі” хлопца распавяла “Камсамольскай праўдзе” яго маці.

— Ён ехаў з працы і зайшоў у краму. Я папрасіла яго набыць хлеб, — распавядае дрыготкім і ціхім голасам мама Мікіты Марына. — Патэлефанаваў і кажа: «Мамачка, я ўжо не магу адсюль выйсці, таму што ахова зачыніла дзверы». І потым у 11 гадзін вечара сувязь перапынілася, тэлефон быў недасяжны. Я яго двое сутак усюды шукала, потым знаёмыя хлопцы сказалі, што ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Потым я даведалася, што ён у ізалятары ў Слуцку — яго туды перавезлі.

Увечары 14 жніўня маці прывезла Мікіту дадому са Слуцка. Хлопец распавёў маці, што яго збівалі ў ізалятары на Акрэсціна.

— Па галаве не білі. А вось спіна, ягадзіцы ў гематомах, апухлыя, — кажа Марына. — Сын казаў, што выводзілі ноччу і білі. Днём давалі 2 літры вады на ўсіх і бохан хлеба, які дзялілі паміж усімі. Там сапраўднае пекла...

Фота: з асабістага архіва. У Мікіты зафіксавалі пабоі і ЧМТ у бальніцы.

Фота: з асабістага архіва. У Мікіты зафіксавалі пабоі і ЧМТ у бальніцы.

Раніцай 15 жніўня Мікіта з мамай паехалі на Акрэсціна, каб забраць свае рэчы.

— Мы адстаялі чаргу, і ён зайшоў. Пакуль я хадзіла да адвакатаў, гляджу — няма яго 40 хвілін, затым гадзіну. Валанцёры сказалі, што па спісах ён зайшоў, але ён не выходзіў, — працягвае Марына. — Я пастукала, мне адчынілі дзверы, я патлумачыла сітуацыю. Мне сказалі «чакайце». Праз 40 хвілін я зноў стукаюся. Пытаюся, дзе сын. Там ніхто не размаўляе. Праз хвілін дзесяць выйшаў хтосьці і сказаў, маўляў, ён хацеў усіх падняць на мітынг — і яго забралі ў Маскоўскі РУУС. Я клянуся, што ён не буяніў. Ён хуценька хацеў адтуль выйсці і забыць усё, як страшны сон. Пад ІЧУ на Акрэсціна я чакала паўтары гадзіны. І паехала ў Маскоўскае РУУС. Там нам сказалі, што нікога не прывозілі. Мой брат напісаў заяву пра знікненне чалавека. Мы выйшлі з РУУС і сустрэлі хлопца, які заходзіў на тэрыторыю Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў разам з Мікітам і сваім сябрам. Паводле яго слоў, гэта здарылася на яго вачах — яго сябра і Мікіту проста вывелі праз іншыя дзверы, калі ён прыйшоў за рэчамі. Ён паспеў звязацца з адным — той паведаміў, што ён знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС.

— Але ў РУУС нашаму адвакату сказалі, што Мікіты ў іх няма. Мы прабылі там з гадзіны дня да шасці вечара, і я паехала дадому. Ужо дома я патэлефанавала ў РУУС і стала плакаць, стала прасіць, як мама, каб мне паведамілі хоць што-небудзь. Там адказалі так: «Адтуль прывезлі, туды ўжо і павезлі». Гэта значыць, ён зноў знаходзіцца на Акрэсціна.

Позна ўвечары 15 жніўня стала вядома, што Мікіту завезлі ў 9-ю бальніцу на медыцынскі агляд. Ён кульгаў, не мог ісці.

— Мой брат прыехаў да Мікіты. Сын сказаў мне па тэлефоне, што ў яго ЧМТ, будуць лячыць у шпіталі, — кажа Марына. — Ён прасіў з'ездзіць і забраць яго рэчы ў ІЧУ.

Маці не ведае, адкуль ЧМТ у сына. У нядзелю, 16 жніўня, яна паедзе ў бальніцу і спытае ў сына, што здарылася. Да свайго затрымання хлопец не кульгаў. Па словах мамы, Мікіта стаў кульгаць, калі выйшаў з ІЧУ.

Мікіта працаваў за мяжой, але ў пачатку жніўня вярнуўся ў Беларусь.

 

Фота: з асабістага архіва. Па словах мамы, Мікіту затрымалі ў мінскім супермаркеце, дзе ён купляў хлеб.

Фота: з асабістага архіва. Па словах мамы, Мікіту затрымалі ў мінскім супермаркеце, дзе ён купляў хлеб.

 

— Мікіта баяўся вяртацца за рэчамі на Акрэсціна?

— Баяўся. Ён прасіў: «Мама, схадзі ты». Але мне сказалі, што аддаюць рэчы асабіста ў рукі толькі з даверанасцю. Атрымліваецца, што сама і адправіла дзіцяці туды, — кажа Марына. — Мікіта мой адзіны сын, я адна яго гадавала. Мы жывем разам.

Паводле www.kp.by