Што адбываецца ў мазырскім моргу, куды дастаўляюць загінулых расійскіх вайскоўцаў

З пачатку вайны ў незалежных беларускіх і ўкраінскіх СМІ сталі з'яўляцца паведамленні пра моргі і бальніцы ў гарадах на поўдні Беларусі, нібыта перапоўненыя целамі расійскіх вайскоўцаў.

Чарга з расійскіх вайсковых машын каля морга Мазырскай бальніцы

Чарга з расійскіх вайсковых машын каля морга Мазырскай бальніцы


Асаблівую ўвагу журналістаў прыцягнуў Мазыр, які знаходзіцца прыкладна за 60 кіламетраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
Паводле слоў суразмоўцы «Бі-бі-сі», на вуліцах горада шмат ваенных — як мяркуецца, з Чачні. Можна ўбачыць аўтамабілі з расійскімі нумарамі.
Рускай службе Бі-бі-сі ўдалося атрымаць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў самым моргу.
«Трупы звозяць нават не ў халадзільнік, а ў звычайнае памяшканне — 5 на 5 квадратных метраў, там іх складваюць некаторы час, яны гніюць, смярдзяць, потым целы кудысьці вязуць, — расказала «Бі-бі-сі» крыніца, якая знаёмая з супрацоўнікамі морга. — Гэта робяць самі салдаты, усё ахоўваецца, мае доступ толькі загадчык аддзела».
«Колькі гэтых трупаў — ніхто не ведае, але ўсё ў жаху ад таго, што адбываецца. Лекары думаюць, што дзесьці існуе мабільны крэматорый ці проста закопваюць».
У дзяржаўных СМІ Беларусі інфармацыя пра лячэнне пацярпелых расійскіх салдат адсутнічае.