Што дазволена Карычам, тое не дазволена Быкаву

Сваімі развагамі, навеянымі навіной пра адкрыццё ў Мінску помніка сербскаму алігарху, падзяліўся на «Салідарнасці» журналіст Сямён Печанко.

Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

У Мінску з'явіўся помнік сербскаму алігарху Срэцену Карычу, аднаму з заснавальнікаў Dana Holdings. Відэа манумента апублікаваў яго брат і саўладальнік кампаніі Багалюб Карыч.

Срэцен Карыч памёр у 2017-м, на помніку выяўлены радавы герб сям'і. 

Як паведамляе Onliner.by, помнік Карычу з'явіўся ў элітным пасёлку на вуліцы Стэфаніі Станюты, куды ў мінулым годзе не пусцілі ўнучку артысткі Меліціну Станюту. Пасёлак пабудаваны ўсё той жа Dana Holdings, ён закрыты для старонніх.

Чым паказальная гісторыя з помнікам сербскаму алігарху? У сябе на радзіме бізнесмены Карычы вядомыя тым, што ў мінулым мелі цесныя сувязі з ўладнымі коламі ў былой Югаславіі, у тым ліку са Слабаданам Мілошавічам. Знаёмствам і сяброўствам з ім, як вядома, даражыць і Аляксандр Лукашэнка.

Дзякуючы асабістаму знаёмству з кіраўніком нашай краіны, сербскія алігархі атрымалі ў Беларусі беспрэцэдэнтныя магчымасці: дарагія ўчасткі ў цэнтры Мінска пад будаўніцтва жылых і камерцыйных комплексаў.

Характэрны момант — на фасадзе бізнес-цэнтра BK Capital Palace, які будуецца на месцы былога музея Вялікай Айчыннай вайны, з'явіўся радавы герб сербаў. А цяпер вось і помнік аднаму з братоў. 

 

karychy2202_02.jpg

На фоне такога лаяльнага стаўлення да замежных бізнесоўцаў зусім ужо цынічна выглядае сітуацыя з ушанаваннем памяці сваіх герояў. Да гэтага часу не ўстаноўлена памятная дошка ў гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гадамі доўжацца размовы і пра перайменаванне адной з вуліц у гонар народнага пісьменніка Васіля Быкава, і пра помнік.

Але, мяркуючы па ўсім, тое, што ў сённяшняй Беларусі дазволена сербам Карычам, тое не дазволена беларусу Быкаву.