У Мінску паставілі помнік аднаму з Карычаў: гэта іх Dana Holdings нявечыць горад

Сербскія алігархі Карычы, заснавальнікі Dana Holdings, што шчыльна забудоўваюць Мінск, — людзі, у якіх, мабыць, усё добра з самаацэнкай.

Помнік Срэцену Карычу

Помнік Срэцену Карычу

Мінулым летам яны ўсталявалі свой сербскі герб на тым самым будынку на Кастрычніцкай плошчы — на фасадзе бізнес-цэнтра «Капітал Палас». Але ў гэты раз маштаб сябелюбства перасягнуў сябе.
У Мінску з'явіўся помнік сербскаму бізнесмену Срэцену Карычу — аднаму з заснавальнікаў бізнес-імперыі BK Group, у склад якой уваходзіць кампанія Dana Holdings. Пра гэта напісаў і паказаў у Facebook Багалюб Карыч — адзін з уладальнікаў Dana Holdings.
Помнік паставілі на вуліцы Стэфаніі Станюты — мы распавядалі вам, што гэта тэрыторыя элітнага пасёлка каля Цнянскага вадасховішча, якім як раз валодае Dana Holding. Так што ўбачыць ушанаванага ў Мінску Карыча звычайнаму смяротнаму, здаецца, не ўдасца — на вуліцу, якую назвалі ў гонар актрысы Стэфаніі Станюты, не пусцілі прагуляцца нават ўнучку, Меліціну Станюта.
Нагадаем, група кампаній Dana Holdings вядзе татальную забудову Мінска. Дзякуючы яе уладальнікам — сербскім алігархам братам Карычам — у горадзе зараз ёсць гандлёвы цэнтр Dana Mall і бізнес-цэнтр Dana Center. На дадзены момант кампаніі холдынгу займаюцца жылым кварталам «Мінск-Мір» у раёне былога аэрапорта «Мінск-1», а таксама комплексамі Vogue і «Парк Чалюскінцаў». І, вядома, тым самым бізнес-цэнтрам «Капітал Палас» на Кастрычніцкай плошчы, якім абураныя многія мінчане.
kyky.org