Што зараз адбываецца з беларускай адукацыяй?

Пра праваленую ўступную кампанію і недаборы ў беларускіх ВНУ піша «DW».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У Беларусі практычна завяршаецца ўступная кампанія. Як рапартавала Міністэрства адукацыі, толькі дзве беларускія ВНУ не дабралі студэнтаў: 80 вольных месцаў засталіся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій. Між тым пасля завяршэння асноўнага набору заставалася каля 400 вакантных месцаў, у 10 ВНУ правялі дадатковы прыём.

Нягледзячы на гэта, міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў раней, што няма падстаў лічыць, што беларускія ВНУ недалічыліся абітурыентаў з-за ад'езду моладзі за мяжу.

Вядомы рэпетытар па фізіцы і матэматыцы, кіраўнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў» Яўген Лівянт на сваёй старонцы ў Facebook назваў цяперашнюю і папярэднюю ўступную кампанію ў Беларусі правальнай: «На маю думку, уступная кампанія ў ВНУ правалена другі год запар. Паводле паведамлення Міністэрства адукацыі, план прыёму на бюджэт у ВНУ выкананы амаль на 100%, а на платнае — на 95%. Што гэта значыць? У ВНУ прынялі практычна ўсіх жадаючых, і яшчэ засталіся месцы! У большасці ВНУ на большасць спецыяльнасцей конкурсу не было ці амаль не было. Усё гэта азначае, што ў ВНУ прыйшло вельмі шмат студэнтаў, якія не ў стане засвоіць праграму ВНУ нават першага курса».

У Польшчы вучацца больш за 11 000 студэнтаў з Беларусі

Тым часам многія беларускія абітурыенты аддалі перавагу замежным ВНУ. І на тое ёсць розныя прычыны.

«Беларускія ВНУ мы не разглядалі, перш за ўсё, праз нежаданне заставацца краіне ў цяперашніх умовах. Да таго ж, узровень адукацыі ў нашых навучальных установах у апошнія гады значна знізіўся», — расказвае Наталля (імя зменена). Яе пляменніца стала студэнткай філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, будзе навучацца бясплатна, паколькі мае польскія карані. «Варшаўскі універсітэт — першы ў рэйтынгу польскіх ВНУ. Калі б не было шанцаў паступіць туды, выбралі б іншы, менш вядомы ўніверсітэт, — адзначае суразмоўца DW. — Мая пляменніца даўно вывучае польскую мову і культуру, у будучыні яна марыць займацца мастацкім перакладам».

У мінулым навучальным годзе ў Польшчы навучаліся больш за 11 тысяч студэнтаў з Беларусі, сярод замежных студэнтаў больш толькі ўкраінцаў — 36 тысяч, паведамляе сайт Prawo.pl са спасылкай на даныя Цэнтра апрацоўкі інфармацыі Нацыянальнага даследчага інстытута Польшчы.

Беларусы аддаюць перавагу дзяржаўным ВНУ Польшчы

«Жадаючых з'ехаць вучыцца ў Польшчу ў гэтым годзе больш, і гэта чакана — улічваючы палітычную і эканамічную сітуацыю. Многія бацькі адзначаюць, што кошт навучання ў Беларусі супастаўны з коштам навучання ў Польшчы», — расказвае Надзея, супрацоўніца аднаго з мінскіх адукацыйных цэнтраў, якія дапамагаюць беларускім абітурыентам паступаць у польскія ВНУ.

Таксама яна адзначае, што многія ўніверсітэты даюць значныя зніжкі на вучобу для студэнтаў з Беларусі і Украіны: «Лодзінскі ўніверсітэт — 40%, Люблінская палітэхніка прапануе беларусам вучыцца за палову кошту.

У некаторых польскіх ВНУ ёсць уласныя конкурсы на бясплатныя месцы для лепшых абітурыентаў. Калісьці здавалася, што вучыцца за мяжой — прывілей, цяпер гэта лёгка і адносна даступна нават для тых, у каго няма стыпендый або прэферэнцый для бясплатнай вучобы, якія дае "карта паляка"».
 Паводле яе слоў, калі раней беларусы часцей выбіралі прыватныя навучальныя ўстановы, то цяпер — дзяржаўныя ВНУ.

90% абітурыентаў ЕГУ — беларусы

Вырасла і колькасць жадаючых паступіць у Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), які знаходзіцца ў Літве. «Калі ў 2021/22 акадэмічным годзе ЕГУ ў рамках асноўнай і дадатковай уступнай кампаніі залічыў 281 студэнта, то цяпер толькі ў рамках асноўнага прыёму мы рэкамендавалі да залічэння 445 студэнтаў, 381 чалавек залічаны. Мы звязваем гэтую тэндэнцыю не толькі з бесперапынным развіццём адукацыйнага прадукту ЕГУ, але і, вядома, з геапалітычнымі фактарамі, з вайной Расіі ва Украіне, постэлектаральнымі рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў тым ліку і ў Беларусі. Гэта ўплывае на цікавасць бацькоў і моладзі на атрыманне адукацыі за мяжой у больш прадказальнай геапалітычнай абстаноўцы. Больш за 90% абітурыентаў — з Беларусі, паступаюць таксама з Расіі і Украіны», — каментуе кіраўніца аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Анастасія Радзівонава.

Да 21 жніўня ў ЕГУ ідзе дадатковы прыём на шэраг спецыяльнасцей, некаторыя з іх зусім новыя. Паводле слоў Радзівонавай, вырасла цікавасць да спецыяльнасці «Медыя і камунікацыі». «У гэтым годзе факультэт журналістыкі БДУ практычна адмяніў магчымасць паступаць на платнае аддзяленне і дазваляе атрымліваць толькі субсідуемую дзяржавай адукацыю — бясплатную. Гэта значыць, што магчымасці для незалежнай журналістыкі будуць надзвычай абмежаваныя, бо ўсім студэнтам давядзецца адпрацоўваць размеркаванне пасля ВНУ — і, часцей за ўсё, гэта СМІ, якія прама ці ўскосна залежныя ад дзяржавы», — адзначае Радзівонава.

Падчас сёлетняй уступнай кампаніі журфак БДУ не прымае на платнае навучанне тых, хто хацеў бы займацца тэлевізійнай, друкаванай і вэб-журналістыкай. Дзевяць «платнікаў» бяруць на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя», дзе рыхтуюць піяр-спецыялістаў.

«Сёння акцэнт пры развіцці дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі робіцца ў бок развіцця дзяржаўных СМІ. Бюджэтная форма дае права ўсім абітурыентам на яе паступіць па конкурсе, адпаведна, затым быць размеркаванымі ў любую арганізацыю інфармацыйнага сектара. У першую чаргу, вядома, у арганізацыю, якая з'яўляецца заказчыкам кадраў», — пракаментаваў рашэнне начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: