Тадэвуш Кандрусевіч: Нашае грамадства падзелена непаразуменнямі і узаемнымі абвінавачваннямі
Увечары 24 снежня цэлебрацыю святой Імшы Пастэркі ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by. Вось што ён там, у прыватнасці, сказаў.
«Таямніца Богаўцелаўлення змяніла ход гісторыі. Яна заклікае
нас з удзячнасцю прыняць гэты нябесны дар Божай любові і дзяліцца ім з іншымі з
мэтай вырашэння шматлікіх сучасных праблем. <…>
Гэта вельмі важна ў час, калі па прычыне адыходу ад Божага
закону і маральных прынцыпаў нашае грамадства падзелена непаразуменнямі,
узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю духа пакаяння і ўзаемнага прабачэння,
культуры пашаны ў міжчалавечых адносінах, неадпаведным разуменнем свабоды», —
падкрэсліў заслужаны іерарх.
«Трэба бачыць і прыняць святло Хрыста, каб яно ззяла ў нашых сэрцах і стала суцяшэннем і надзяй для нашай Бацькаўшчыны ў гэты складаны час яе гісторыі. Неабходна вярнуцца да маральных прынцыпаў, якія гарантуюць дасягненне такога пажаданага паяднання і супакою. Сапраўдны і трывалы мір наступіць толькі тады, калі кожны дзень нашага жыцця стане Божым Нараджэннем», — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.