Таталітарызм і свабодная прэса несумяшчальныя

Ліквідацыя «БелаПАНа» хоць і была фармальнай, але лішні раз пацвердзіла відавочную тэндэнцыю: рэжыму з незалежнымі журналістамі не па адной дарозе.

15_72_logo.png_logo_1.webp

У парушэнне нават уласнай, шмат разоў перакроенай ва ўгоду Аляксандру Лукашэнку Канстытуцыі, мінскі рэжым зрабіў чарговы крок у кірунку поўнай манапалізацыі СМІ, фармальна ліквідаваўшы незалежнае інфармацыйнае агенцтва ЗАТ «БелаПАН».

Раней улады краіны прызналі яго «экстрэмісцкай супольнасцю». Падставай для ліквідацыі стала ўключэнне інфармагенцтва ў спіс арганізацый, якія, на думку ўладаў Беларусі, вядуць экстрэмісцкую дзейнасць, а таксама прызнанне «БелаПАН» «экстрэмісцкім фарміраваннем».

У кастрычніку 2022 года суд у Мінску прысудзіў па абвінавачаннях у «дзяржздрадзе», «экстрэмізме» і «арганізацыі беспарадкаў» да дэманстратыўна доўгіх тэрмінаў галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну, былога дырэктара Дзмітрыя Наважылава, былога намесніка дырэктара Андрэя Аляксандрава і яго жонку Ірыну Злобіну. Леўшынай прызначылі 4 гады калоніі, Наважылаву – 6 гадоў калоніі, Аляксандрава і Злобіну прысудзілі да 14 гадоў і 9 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

«Відавочна, што ў такім фармаце "БелаПАН" не мог далей працягваць працу»

Намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (БАЖ) Барыс Гарэцкі нагадвае, што незалежная інфармацыйная кампанія «БелаПАН» пачала працаваць яшчэ да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. І за гады свайго існавання здолела стаць адным з галоўных незалежных медыя ў краіне. «Спачатку агенцтва "БелаПАН" распаўсюджвала свае матэрыялы з дапамогай кур'ераў, потым з'явіліся факсы, потым – інфармацыйныя стужкі і сайты, і стала галоўным пастаўшчыком навін. "БелаПАН" быў добры тым, што заўсёды знаходзіўся ў цэнтры падзей. Таму ўсе незалежныя медыі былі на яго падпісаныя і бралі яго інфармацыю», — адзначыў Гарэцкі ў гутарцы з карэспандэнтам «Голасу Амерыкі».


Глядзіце таксама

У выніку, паводле ацэнкі намесніка старшыні БАЖ, не менш за 30% інфармацыі ў незалежных беларускіх СМІ было ад гэтага інфармагенцтва. «Працавалі яны класна. Улада ў Беларусі заўсёды не любіла незалежныя медыя, але "БелаПАН" быў заўсёды прафесійны і падаваў якасны кантэнт. Яны адпрацоўвалі ўсе выбарчыя кампаніі, іх карэспандэнты траплялі ў турмы, іх ушчамлялі, абмяжоўвалі і гэтак далей. Прыйшоў 2020 год — яны добра адпрацавалі тэму каронавіруса, потым выбары, потым — пратэсты, і, урэшце, беларуская ўлада разграміла іх у 2021 годзе, калі настаў час разгрому ўсіх незалежных медыя. На жаль, каманда "БелаПАН" да самага канца заставалася ў Беларусі. Напэўна, гэта было памылковае рашэнне, бо летам 2021 года многія медыя самастойна рэлакаваліся за мяжу, разумеючы, што яны будуць разгромленыя. Кіраўніца "БелаПАН" Ірына Леўшына сказала, што яна застаецца, некаторыя супрацоўнікі на той момант ужо выехалі з Беларусі, таму што ім былі прамыя пагрозы, а Леўшыну затрымалі проста на працоўным месцы, і "БелаПАН" спыніў сваё існаванне», — расказаў Барыс Гарэцкі.

Пры гэтым, як ні дзіўна, да апошняга часу інфармагенцтва не было пазбаўлена ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. «Адбылася вельмі цікавая гісторыя, калі фактычна дзейнае ЗАТ інфармацыйная кампанія "БелаПАН" і рэдакцыя, якая мае статус СМІ, былі прызнаныя "экстрэмісцкім фармаваннем", але не была ліквідаваная юрыдычная асоба і не быў забраны статус СМІ. І да сённяшняга дня юрыдычная асоба была дзейнай, але відавочна, што ў такім фармаце "БелаПАН" не мог далей працягваць працу, тым больш, што яго ключавыя супрацоўнікі за кратамі. Былыя супрацоўнікі "БелаПАН", якія выехалі за мяжу, працягнулі працу ў фармаце "Позірк"», — кажа Гарэцкі.

Таталітарныя рэжымы і незалежныя медыя несумяшчальныя

Рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка называе рашэнне аб ліквідацыі юрыдычнай асобы ЗАТ інфармацыйная кампанія «БелаПАН» выключна фармальным. І тлумачыць, што фактычна з 2021 года інфармацыйнае агенцтва не працуе. «Адна частка каманды "БелаПАН", якая засталася ў Беларусі, сядзіць у турме, і ім ад ліквідацыі юрыдычнай асобы ні горача, ні холадна, а актыўнасць той часткі каманды, якая працуе ў Еўропе, беларускія ўлады ўсё роўна не зменяць.

Але гэтая падзея адлюстроўвае больш агульную сітуацыю, пра што, мне здаецца, мае сэнс пагаварыць», — мяркуе эксперт.

Пры гэтым Вадзім Мажэйка адзначае, што журналістыка як прафесія нідзе не можа быць зведзена да нуля і не можа такога быць, каб у якой-небудзь краіне зусім не было медыя. «Пытанне ў тым, як гэта выглядае, бо ў Беларусі цалкам адсутнічае незалежная грамадска-палітычная журналістыка. Ёсць некаторыя медыя, якія працавалі і да 2020 года, напрыклад "Onliner.by", які заўсёды быў нумар два пасля "TUT.BY", ёсць друкаваная газета з добрай доўгай гісторыяй "Беларусы і рынак". "Onliner.by" піша пра тэхналогіі, пра кошты на рынках і пра тое, як людзі жывуць у вёсцы, гэта значыць – такая "сацыялачка". А "Беларусы і рынак" спрабуе рабіць дзелавую журналістыку, але выкрасліўшы з яе палітычны кампанент і нават вычысціўшы ўвесь архіў свайго сайта», — апісвае сітуацыю рэдактар «Беларускага штогодніка».


Глядзіце таксама

І працягвае: «Але з'явіліся і новыя медыя, напрыклад "Smartpress.by", гэта камерцыйны праект, створаны на апусцелым рынку, з якога вычысцілі самых паспяховых гульцоў. Іх матэрыялы пішуцца і рэдагуюцца людзьмі, абсалютна невядомымі ў беларускім медыя-асяроддзі. Гэтыя праекты альбо абыходзяць грамадска-палітычны парадак дня, альбо рэтранслююць афіцыйныя беларускія і расійскія наратывы. Была інфармацыя, што такія праекты каардынуюцца былымі сілавікамі, але тут складана нешта сцвярджаць».

Паводле ацэнкі Вадзіма Мажэйкі, у 2020 годзе беларускіх журналістаў, якія асвятлялі масавыя пратэсты, збівалі, саджалі ў турмы. Але «чорным годам» для беларускіх незалежных медыя стаў 2021-шы, калі многія рэдакцыі былі закрытыя, а іх супрацоўнікі арыштаваныя. У той час як у Расіі тады было крыху лягчэй, паколькі вайна яшчэ не пачалася, працавалі «Эхо Москвы», «Новая газета» і шэраг іншых незалежных СМІ. Таму поўнай ідэнтыфікацыі двух дыктатарскіх рэжымаў, на думку эксперта, няма. «Розныя прычыны падштурхнулі іх зрабіць больш жорсткай сітуацыю, але калі мы возьмем рэйтынг Economist "Індэкс дэмакратыі" і рэйтынг свабоды прэсы ад "Рэпарцёраў без межаў" і супаставім іх, то лідары і аўтсайдэры будуць і там, і там супадаць. З чаго б гэта раптам? Зразумела: ва ўсіх таталітарных рэжымаў у большай ці меншай ступені дрэнна з незалежнымі медыя, і ў гэтым сэнсе ўсе яны ў нейкай ступені браты», — падсумоўвае рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка.