ТБМ віншуе з Днём роднай мовы і запрашае на дыктоўку

ТБМ запрашае ў Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, узяць удзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Дыктоўку будзе праводзіць Алена Анісім, а кожны ўдзельнік атрымае падарунак.

dyktouka.jpg

Сакратарыят ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы звярнуўся да беларусаў з адмысловым зваротам.

"Віншуем усіх з Міжнародным днём роднай мовы, які штогод адзначаюць 21 лютага. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у дзясятай Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творчасці Францыска Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі.

Узоры дыктовак чытайце ў газеце "Наша слова", а таксама на нашым партале па спасылцы.

Любіце і карыстайцеся роднай мовай: яна дасканалая і прыгожая!"


ТБМ запрашае ўсіх ахвотных 21 лютага ў офіс ТБМ (Мінск, вул. Румянцава, 13), каб прыняць удзел у дзясятай Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.
Пачатак у 17.30 гадзін. Дыктоўку будзе праводзіць спн. Алена Анісім. Кожны ўдзельнік атрымае падарунак.