Тэрмін атрымання ўкраінцамі статусу бежанца ў Беларусі можа быць скарочаны

Беларусь разглядае магчымасць скарачэння тэрміну прыняцця рашэння аб даванні статусу бежанца для грамадзян Украіны, паведаміў беларускі пасол Валянцін Вялічка 18 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.



biezancy_z_horlauki.jpg

Сям'я з Горлаўкі прыехала ў Маладзечанскі раён, пасля таго як іх адфутболілі ў Расіі. Фота Kraj.by
Як паведамляе РИА Новости, пасол адзначыў, што дакументы аб даванні статусу бежанца звычайна разглядаюцца на працягу шасці месяцаў, але для прыбыўшых з Луганскай і Данецкай абласцей гэты тэрмін, магчыма, будзе скарочаны да трох месяцаў.

Паводле слоў Вялічкі, за апошнія месяцы ў Беларусь выехала прыкладна 26 тысяч грамадзян Украіны, каля 500 чалавек звярнуліся па статус бежанца.


Каля паўтары тысячы ўкраінцаў маюць від на пастаяннае жыхарства ў Беларусі, што дае ім магчымасць працаваць і забяспечыць сябе жыллём, паведаміў пасол. Яшчэ больш за 3 тысячы заявак цяпер знаходзіцца на разглядзе. 
«Цяпер мы таксама маем шмат зваротаў аб тым, каб прадоўжыць вучобу ў Беларусі, асабліва ад тых, хто прыехаў з зоны баявых дзеянняў», — дадаў кіраўнік беларускага дыппрадстаўніцтва ў Кіеве.
Вялічка падкрэсліў, што Беларусь па-ранейшаму выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і вырашэнне канфлікту на ўсходзе краіны шляхам перамоў. «Наша пазіцыя нязменная: няма ніякай федэралізацыі, ёсць цэласнасць Украіны. Другое: усе пытанні павінны вырашацца праз перамоўны мірны шлях», — сказаў пасол.

Ён таксама запэўніў, што з боку Беларусі не будзе ваеннай агрэсіі адносна Украіны.


«Я хачу сказаць словамі кіраўніка дзяржавы: ніколі з боку Беларусі і трэціх краін не будзе агрэсіі», — заявіў беларускі дыпламат. 
Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра неабходнасць захаваць Украіну адзінай і цэласнай дзяржавай. «Нельга ў гэтай мітусні і блытаніне праводзіць нейкія рэферэндумы аб федэралізацыі і іншае. Гэта ўсё будзе неаб'ектыўна, гэта дасць падставу гаварыць, што яны нелегітымныя, і будзе вечна стаяць пытанне аб прызнанні і непрызнанні гэтага рэферэндуму», — гаварыў Лукашэнка ў канцы сакавіка ў інтэрв'ю ўкраінскай праграме «Шустэр live». 
БелаПАН