Трэба бараніць Курапаты
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адмовіў актывістам грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» у задавальненні чатырох наглядных скаргаў па судовых справах у абарону Нацыянальнага некропаля.
Апошняй была не задаволеная наглядная скарга ў сувязі з тым, што 20 ліпеня 2015 года суддзя суду Фрунзенскага раёну горада Мінска Аляксандар Кузьміч не падтрымаў заяву грамадзянаў на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які не дазволіў заяўнікам правесці пікетаванні ў абарону Курапатаў, запланаваныя на 4 чэрвеня 2015 году ў Мінскім раёне.
Пазней судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду і ягоны старшыня Павел Каршуновіч пакінулі рашэнне суду Фрунзенскага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу заяўнікаў без задавальнення.
Раней Вярхоўны суд не задаволіў наглядныя скаргі экспертаў па судовых пастановах наконт заяваў грамадзянаў на Генпракуратуру, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення гэтага міністэрства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага. Названыя скаргі тычыліся незаконнага і самавольнага ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу з былой назвай «Бульбаш-хол» і ўнармавання гэтага беззаконня чыноўнікамі Мінкультуры.
Апроч таго, Вярхоўны суд падтрымаў пазіцыю суддзі суду Цэнтральнага раёну горада Мінска Івана Майсейчыка, які 6 студзеня 2016 году адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
Паколькі Вярхоўны суд краіны не задаволіў усе наглядныя скаргі грамадскасці па судовых справах у абарону Курапатаў, эксперты будуць звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
.