Трое сутак на волі — і зноў пад арышт

15 мая ў Цэнтральным судзе Мінску адбыліся працэсы супраць маладафронтаўцаў. Іх абвінавацілі паводле артыкула 17.1 у дробным хуліганстве і арыштавалі: Рамана Васільева — на 12 сутак, а Мікалая Дземідзенку і Змітра Крамянецкага — на 10. На суды не пусцілі ні сваякоў, ні паплечнікаў, ні журналістаў.

15 мая ў Цэнтральным судзе Мінску адбыліся працэсы супраць маладафронтаўцаў. Іх абвінавацілі паводле артыкула 17.1 у дробным хуліганстве і арыштавалі: Рамана Васільева — на 12 сутак, а Мікалая Дземідзенку і Змітра Крамянецкага — на 10. На суды не пусцілі ні сваякоў, ні паплечнікаў, ні журналістаў.


Да сённяшняга дня ні праваабаронцы, ні сваякі не ведалі, дзе знаходзяцца затрыманыя 14 мая маладафронтаўцы. Супрацоўнікі міліцыі адамкнулі ключамі кватэру актывістаў і схапілі Мікалая Дземідзенку, Змітра Крамянецкага і Рамана Васільева. Усіх паклалі на падлогу тварам уніз, пры найменшым супраціўленні збівалі. Актывісты толькі тры дні таму выйшлі на волю пасля 15-суткавых арыштаў за «Чарнобыльскі шлях». Маці Рамана Васільева спадарыні Ірыне не давалі ніякай інфармацыі пра месца знаходжання сына — спачатку ў пастарунку, а потым і ў судзе.


«Я пасля такой ночы ні пра што не хачу гаварыць. Тэлефанавала па ўсіх РУУСах, мне ўсюды казалі, што яго няма. У прыватнасці, у Цэнтральным РУУСе мне казалі — няма, і калі б быў, то сто разоў сказалі б. Гэта было ў 6 раніцы, у 9 раніцы і ноччу. Потым бралі слухаўку і кідалі. То бок я не ведала, што ён, дзе ён, ці жывы-здаровы і што адбываецца».


Зранку ў Цэнтральным судзе казалі, што судзіць там хлопцаў не будуць і што ніякіх працэсаў адносна іх не прызначана. Потым міліцыянты прывезлі Мікалая Дземідзенку, Змітра Крамянецкага і Рамана Васільева. Мікалая Дземідзенку судзілі літаральна 15 хвілін, не дачакаўшыся адваката. Журналістаў, якія спрабавалі прайсці ў залю, выштурхнулі людзі ў цывільным, сказаўшы — маўляў, не трэба рабіць балагану. На працэс над Раманам Васільевым суддзя Алена Ткачова пусціла толькі адваката Яўгена Маслава і сказала, што для журналістаў і маці Рамана ў яе кабінеце няма месца. У памяшканне для сакратароў перад кабінетамі суддзяў людзі ў цывільным нікога не пускалі, а потым замкнулі дзверы на ключ. Змітра Крамянецкага судзілі падчас перапынку на абед, калі ўсіх прысутных папрасілі выйсці з будынку.


Каментуючы вынікі суду, маладафронтаўка Кася Галіцкая адзначыла, што так хлопцам адпомсцілі за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны ў Мінску ў гадавіну рэферэндуму.


«Па пратаколах у трох актывістаў запісаны артыкул 17.1, нібыта яны на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС лаяліся матам. Натуральна, гэта ўсё прыцягнута за вушы і вельмі смешна. Насамрэч усё адбывалася не так. Мы маем падазрэнне, што актывісты арыштаваныя ў сувязі з акцыяй па вывешванні сцягоў. Тое, што па 10 сутак, а аднаму з іх 12 — гэта для нас у пэўнай ступені нечаканасць, бо мы думалі, што будзе больш. Вельмі брутальным чынам адбывалася затрыманне, то бок міліцыя ў цывільным уварвалася ў хату. Мы цэлыя суткі не ведалі, дзе яны».


Тое, як паводзілі сябе канваіры ў судзе, Кася Галіцкая звязвае з прызначэннем новага міністра ўнутраных спраў.


«Можа, гэта тэндэнцыя, можа, гэта заўжды так будзе».


Паводле Радыё Свабода