Тры гады «хатняй хіміі» за кінуты у бок АМАПу пясок з клумбы

«Міліцыя таксама там была. Яны затрымлівалі людзей, білі іх гумовымі палкамі. Я такога ніколі не бачыў. Для мяне гэта было шокам. Натоўп пайшоў, і я пайшоў за імі. Я таксама пачаў крычаць, каб не білі людзей», — распавёў на судзе Анатоль Пятроў.

Мінск, 9 жніўня, Фота: Уладзь Грыдзін, "Радыё Свабода"

Мінск, 9 жніўня, Фота: Уладзь Грыдзін, "Радыё Свабода"

У судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд крымінальнай справы, пачатай у дачыненні да пенсіянера, слесара-сантэхніка ў БДУ Анатоля Пятрова. Мужчыну было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Да суда ён знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, бок абвінавачвання прадстаўляла памочнік пракурора Марына Прудніковіч.

Паводле абвінавачання, Анатоль Пятроў у перыяд з 20 гадзін да 23 гадзін 9 жніўня, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, на праспекце Пераможцаў ад дома 9 да дома 13 прыняў удзел у групавых дзеяннях, якія грубага парушаюць грамадскі парадак, што выявілася ў тым, што ён далучыўся да групы грамадзян, якія выкрыкваў правакацыйныя лозунгі. Таксама Пятрова абвінавацілі ў тым, што ён узяў пясок з клумбы і кінуў яго ў бок супрацоўнікаў МУС.

Анатоль Пятроў цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Падчас допыту ён распавёў, што 9 жніўня пайшоў у госці да сына, бо думаў, што ў гэты дзень у яго ўнучкі дзень нараджэння. Аказалася, што даты ён пераблытаў, але ўсё роўна ў сына яны накрылі стол і выпілі алкаголь. Затым Пятроў вырашыў прайсціся на Нямігу і зайсці ў кафэ каля кінатэатра "Масква". Там ён замовіў яшчэ алкаголь і закуску. Да яго падсеў чалавек, і пазней яны разам выйшлі папаліць.

"Я не палю, але было душна, выйшаў за кампанію. Там пабачылі ўжо шмат людзей, яны выкрыквалі лозунгі, пляскалі. Я не ведаў, чаго яны там знаходзіліся, палітыкай сам не цікавіўся. Міліцыя таксама там была. Яны затрымлівалі людзей, білі іх гумовымі палкамі. Я такога ніколі не бачыў. Для мяне гэта было шокам. Натоўп пайшоў, і я пайшоў за імі. Я таксама пачаў крычаць, каб не білі людзей. У далоні не пляскаў.

Потым узяў зямлю з клумбы, але яна выпала з рук, я не змог яе кінуць. На мяне падзейнічаў алкаголь і дзеянні натоўпу. Я быў абураны. Потым зразумеў, што гэта бескарысна, і сышоў".

Далей Пятроў вярнуўся ў кавярню, расплаціўся, затым пайшоў у бок вуліцы Кальварыйскай, чакаў тралейбуса каля "Кароны". Там ён быў затрыманы і пазней асуджаны па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Ён таксама растлумачыў, што зямлёй з клумбы ён не хацеў ні ў каго патрапіць, гэта хутчэй быў дэманстратыўны жэст.

У якасці сведак на судзе выступілі сын Пятрова і яго нявестка. Сын Уладзімір пацвердзіў, што 9 жніўня бацька быў у яго ў гасцях і яны пілі алкаголь. Каля 20 гадзін ён правёў бацьку на прыпынак і пасадзіў на транспарт. Пазней даведаўся, што бацька затрыманы і знаходзіцца на Акрэсціна. Уладзімір распавёў, што цяпер у бацькі праблемы са слыхам і зрокам, знаходзіцца ў стадыі афармлення інваліднасці.

Нявестка Святлана таксама пацвердзіла паказанні абвінавачанага. Яна сказала, што пасля той сустрэчы яны больш не размаўлялі.

Падчас спрэчак абарона прасіла ўлічыць абставіны выпадковасці знаходжання на месцы злачынства, раскаянне, узрост і стан здароўя падабароннага. І прызначыць пакаранне, звязанае з абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і на мінімальны тэрмін.

Памочнік пракурора Марына Прудніковіч адзначыла, што віна Пятрова даказаная ў поўным аб'ёме паказаннямі самога абвінавачанага, сведак, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы. Змякчальнымі абставінамі яна папрасіла прызнаць чыстасардэчнае раскаянне, а таксама ўлічыць узрост і характарыстыку абвінавачанага. Абцяжарваючым — знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Дзяржабвінаваўца прапанавала прысудзіць Пятрову тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

У апошнім слове Анатоль Пятроў папрасіў строга яго не караць і даць яму проста "спакойна дажыць".

14 траўня суддзя Юлія Густыр агучыла пастанову: Анатоля Пятрова прысудзіць да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

spring96.org