Вольга Філатчэнкава на судзе: «Людзей знішчалі за тое, што іх меркаванне адрознівалася»
«Гісторыя выдатна паказвае, што бывае, калі ахвяра кажа "не" сваім катам», — сказала Вольга Філатчэнкава на судзе.
У Мінску сёння пачаўся працэс па "справе студэнтаў", якіх затрымалі ў лістападзе 2020-га і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Усяго 12 абвінавачаных: дзесяць студэнтаў розных мінскіх ВНУ, выпускніца медінстыута і выкладчык БДУІР Вольга Філатчэнкава. У пачатку працэсу яна папрасіла вызваліць з-пад варты ўсіх фігурантаў і вынесці апраўдальны прысуд, паведамляе TUT.BY.
Вольга Філатчэнкава працавала ў БДУІР выкладчыцай кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій, ёй 41 год. Яна мама дваіх дзяцей: 18-гадовага сына і 7-гадовай дачкі. Увосень 2020-га была адной з удзельніц відэазвароту выкладчыкаў БДУІР, у якім выступіла супраць гвалту, а таксама супраць пераследу студэнта 4-га курса Дзмітрыя Мазура, якога асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на 38 сутак арышту. На прэзідэнцкіх выбарах была незалежным назіральнікам.
У пачатку судовага працэсу яна заявіла хадайніцтва:
— Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі людзей пераследавалі, саджалі ў турмы і проста знішчалі толькі за тое, што іх меркаванне адрознівалася ад меркавання кіруючай эліты. Гэта мы назіраем і ў нашай краіне, у наш час. Тая ж гісторыя выдатна паказвае, што бывае, калі ахвяра кажа "не" сваім катам. На падставе выкладзенага прашу па дадзенай крымінальнай справе змяніць меру стрымання (дапоўніла пазней. — на хатні арышт —рэд.) усім абвінавачаным і вынесці апраўдальны прысуд.
Аднак хадайніцтва наконт вызвалення з-пад варты задаволенае не было, фігуранты справы на час суда застаюцца ў СІЗА.
Нагадаем, працэс па рэзананснай "справе студэнтаў" фармальна адкрыты, але незалежных журналістаў на першае пасяджэнне не пусцілі, за дзвярыма часткова апынуліся нават сваякі абвінавачаных. Побач з будынкам сабраўся натоўп, міліцыя настойліва патрабавала людзей разысціся, адбыліся затрыманні. Міліцыя паведаміла, што 14 чалавек дастаўлены ў тэрытарыяльныя РУУС.
Паводле tut.by