«Тут звычайныя людзі, якія хочуць свабодна выказвацца». За краты адправілі яшчэ 13 чалавек за «жнівеньскія беспарадкі»
«Усё, пра што я зараз мару, пра што кожны вечар малю Госпада Бога — каб гэты жах, які адбываецца ў нашай краіне, скончыўся. Каб людзі, якія знаходзяцца цяпер у месцах пазбаўлення волі па палітычных матывах, вярнуліся дадому, да сваіх сем'яў», — сказаў у сваім апошнім слове палітвязень Дзяніс Марусевіч.
У Ленінскім судзе Брэста 21 траўня вынеслі прысуды па крымінальнай справе аб масавых беспарадках пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 13 брэстаўчанам. Суддзя Андрэй Грушко асудзіў 11 палітвязняў на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў калоніі, дваіх непаўнагадовых — да 3 гадоў выхаваўчай калоніі.
У сакавіку па гэтай справе на такія ж тэрміны асудзілі першых дзевяцярых чалавек. Усяго ў калонію па справе «жнівеньскіх беспарадкаў» брэсцкія суды адправілі ўжо 22 чалавекі, суды над астатнімі фігурантамі гэтай справы яшчэ чакаюцца.
Як пакаралі фігурантаў справы аб «брэсцкіх беспарадках»
На лаве падсудных — 13 чалавек, 11 з якіх — палітзняволеныя. З іх двое — непаўналетнія. Таксама ў гэтай партыі судзяць 18-гадовую Віталію Бандарэнка, якую збіраліся судзіць раней, але на суд яна не з’явілася тады, бо з’ехала за мяжу. Калі вярнулася, каб пабачыць свайго каханага перад калоніяй (непаўналетняга Дзяніса Хазея асудзілі на 3 гады выхаваўчай калоніі, цяпер — палітзняволены), яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА №7. Як перадаюць брэсцкія праваабаронцы «Вясны», 21 траўня вынеслі наступныя пакаранні для фігурантаў гэтай справы:
- 18-гадовая палітзняволеная Віталія Бандарэнка — 4 гады калоніі агульнага рэжыму;
- 26-гадовы былы дэсантнік Дзяніс Марусевіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 22-гадовы Уладзімір Рубашэўскі — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 21-гадовы Марк Салонікаў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 27-гадовы Віктар Панцялееў — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 20-гадовы Даніла Бандарук — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (па ч. 1 арт. 339 і па ч. 2 арт. 293);
- 32-гадовы Вячаслаў Касцючык — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 20-гадовы Максім Зіневіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 24-гадовы Міхаіл Калішук — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- непаўналетні Аляксандр Вінярскі — 3 гады выхаваўчай калоніі (узялі пад варту ў зале суда);
- непаўналетні Эдуард Кудынюк — 3 гады выхаваўчай калоніі (узялі пад варту ў зале суда);
- 22-гадовы Андрэй Грышчук — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 23-гадовы Сіман Канцэвіч — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усіх абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 20-гадовы Данііл Бандарук яшчэ абвінавачваецца ў хуліганстве: паводле версіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі «МАЗ» і разбіў бакавое люстэрка.
Таксама абвінавачаныя павінны сплаціць у роўных долях кампенсацыю ў памеры каля 24 тысячы рублёў (на карысць УУС Брэстаблвыканкама; Дэпартамента аховы МУС; КУП Брэсцкае ДЭП; КУП «Камунальнік»; КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт»; пацярпеламу Лычко).
Трое падсудных цалкам пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачаннем, сямёра — часткова. Віталія Бандарэнка, Данііл Бандарук і Марк Салонікаў віну не прызналі.
У чым абвінавацілі 13 чалавек?
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя шрубы, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, паводле версіі следства, пацярпелі 24 сілавікі. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў вобласці вялікага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, паводле версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
Усе пацярпелыя адмовіліся ад пазоваў аб кампенсацыі маральнай або маёмаснай шкоды да абвінавачаных.
Заявы пра ціск і збіццё. Як праходзіў суд над другой часткай абвінавачаных па брэсцкіх «масавых беспарадках»
Палітвязень Данііл Бандарук на судовым допыце 16 красавіка заявіў, што адмаўляецца ад часткі паказанняў, дадзеных на следстве. 23 жніўня на допыце ў следчага, апісваючы фотаздымак з сабой і яшчэ некалькімі хлопцамі, ён паказаў што там быў і яго стрыечны брат Марк Салонікаў. Цяпер жа на судзе Данііл запэўніваў, што там быў падобны да Салонікава чалавек (але не ён) і наогул Марк быў у адзенні іншых уолераў у той дзень. Вось як гэтыя змены ў паказаннях на судзе высветліліся:
— Чаму 23 жніўня казалі, што [на фотаздымку] быў Салонікаў, а цяпер кажаце што гэта быў не ён? — спытаў суддзя.
— Таму што 22 жніўня, калі супрацоўнікі затрымалі мяне разам з Маркам на працы, яны везлі нас у маршуртцы і збівалі. У мяне нават ёсць фотаздымак з апухлай шчакой і пашкоджаннямі рукі. У той момант яны прымусілі нас даць тыя паказанні, — тлумачыў Бандарук.
Некалькі разоў суддзя перапытаў, збіваў ці следчы ці нехта іншы. Данііл тлумачыў, што следчы не браў удзелу ў збіваннях, але проста сам казаў, што трэба гаварыць». А да гэтага «невядомыя ў масках» збілі яго і Марка, пагражалі і казалі што збіццё не скончыцца, «пакуль не раскажаце ўсё як было». Далей суддзя пацікавіўся:
— Дык а ў чым была неабходнасць вас збіваць? Каб вы на Салонікава нагаварылі альбо на сябе?
— Напэўна, каб на Салонікава. [Збівалі] вельмі шмат пагроз рабілі ў наш адрас і ў адрас нашых блізкіх. У тым ліку мне казалі, што забяруць сястру Салонікава Юлю, калі мы не дамо паказанні.
— А якія ў вас адносіны з яго сястрой?
— Я стрыечны брат яе. Яна мая любімая сястра.
Далей пасля пытанняў суддзі Данііл падсумаваў: яго паказанні следчаму ў дачыненні да Марка няслушныя, а астатняе можна браць пад увагу.
З раніцы 28 красавіка судовае пасяджэнне па брэсцкіх «масавых беспарадках» пайшло не па плане: не прывезлі аднаго з абвінавачаных. Прычынай суд назваў «стан здароўя» Міхаіла Калішука. Да другой паловы дня палітвязня ўсё ж прывезлі ў суд. Вось што ён распавёў суддзі Грушко аб тым, што адбылося раніцай 28 красавіка:
— Яшчэ на мінулым пасяджэнні гэты [канваір] пачаў мяне абражаць. Сёння ж мы ехалі — ён абражаў мяне і маю маці. Вось, менавіта ён. Дзядуля [яшчэ] адзін трымаў, супрацоўнік, таксама абражаў. [...] Я адмовіўся толькі адзін раз, каб вёў мяне канкрэтна ён. Таму што менавіта ён мне ламае рукі. Вось гэты, маляня. І вось пасля заламаных рук, не ведаю... Трэба неяк зафіксаваць гэтыя пабоі. Разбілі мне потым яны разам з дзядулем брыво, білі электрашокерам, запырскалі пярцовым балончыкам. І закінулі [у спецбокс], — распавёў на судовым працэсе Калішук.
— Вы, па сутнасці, не хацелі ехаць. Проста што яны... — пачаў казаць суддзя Грушко.
— Адмовіўся я толькі адзін раз, яшчэ ў СІЗА, каб канкрэтна ён мяне вёў! А абражалі... не толькі я сядзеў, там шмат людзей сядзелі. Ён не толькі мяне абражаў.
Перад прамовай Міхаіла суддзя Грушко зачытаў версію канваіраў аб тым, што абвінавачаны нецэнзурна лаяўся, «пагражаў супрацоўнікам канвою расправай і спаліць іх хаты». Тлумачэнні канваіраў Міхаіл ахарактарызаваў як «усё гэта хлусня».
Апошняе слова палітвязня Дзяніса Марусевіча на судзе
13 траўня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Палітвязень Дзяніс Марусевіч (спартсмен, быў членам нацыянальнай зборнай па каратэ, служыў у 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе) сказаў на судзе:
«10 жніўня кардынальна змяніла маё жыццё на "да" і "пасля". Цяпер я толькі і чую ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, як нас адкрыта абражаюць, спрабуюць ачарніць, называючы "экстрэмістамі", "фашыстамі", "тэрарыстамі", "крымінальнікамі", "дармаедамі", "алкаголікамі" і "наркаманамі". Але гэта ўсё, усё — нахабная хлусня і паклёп. Па-мойму, усім відавочна і відаць, што тут прысутнічаюць звычайныя людзі, простыя грамадзяне, якія хочуць свабодна выказвацца, мець права на свабоду выбару і свабоду меркаванняў.
Асабіста я ўсё жыццё працаваў на карысць гэтай краіны, прадстаўляючы на спартыўных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Шэсць гадоў свайго жыцця я прысвяціў, выступаючы за нацыянальную зборную і тры апошнія гады — за Узброеныя сілы Беларусі. З ранняга дзяцінства маёй мэтай было падняць дзяржаўны сцяг нашай краіны на вышэйшую прыступку п'едэстала чэмпіянату свету. Я патрыёт і шчыра перажываю за будучыню нашай краіны.
Дзеянні, якія здзяйсняліся мной 10 жніўня, — гэта следства, а прычына ўсяму — гэта ўлада заможных гэтай краіны, якія не лічаць мяне грамадзянінам, не лічаць мяне чалавекам, не даючы мне рабіць выбар і ўплываць на будучыню нашай дзяржавы. І яшчэ адна немалаважная прычына — гэта недаравальныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур, якія стралялі. Стралялі, я спадзяюся, усе правільна разумеюць гэтае слова, у мірных бяззбройных людзей. Закідвалі светлашумавымі гранатамі, збівалі жанчын і, як паказвае практыка, падлеткаў, бо сярод абвінавачаных прысутнічаюць непаўналетнія. Мяне здзіўляе, чаму па ўсёй краіне не заведзена аніводнай крымінальнай справы на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. Мяркуючы па ўсім, на іх не распаўсюджваецца крымінальная адказнасць.
Спадзяюся, у будучыні ўсё зменіцца ў лепшы бок, справядлівасць пераможа і ўсяму будзе дадзена сумленная прававая ацэнка. Я не адмаўляю, што здзейсніў супрацьпраўнае дзеянне, паддаўшыся эмоцыям, страціўшы самакантроль, і здзейсніў крымінальнае злачынства. Але я не згодны з інкрымінуемым мне артыкулам 293 КК, бо мной не выкананы аб'ектыўны бок гэтага складу злачынства.
Усё, пра што я зараз мару, пра што кожны вечар малю Госпада Бога — каб гэты жах, які адбываецца ў нашай краіне скончыўся. Каб людзі, якія знаходзяцца цяпер у месцах пазбаўлення волі па палітычных матывах, вярнуліся дадому, да сваіх сем'яў. Каб нашы любімыя бацькі, мамы і таты, дачакаліся сваіх дзяцей дадому, цэлымі, з непаламанай псіхікай. Каб людзі, гнаныя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой у сувязі з крымінальным пераследам, спакойна вярнуліся на Радзіму, і каб мы ўсе жылі ў свеце, дабрыні і працавалі на карысць нашай краіны. Веру, што ў хуткім часе ўсё зменіцца ў лепшы бок і Беларусь будзе жыць. Жыве Беларусь!
Мама, прашу прабачэння ў цябе ў першую чаргу, і ў таты, за тое што я не магу быць побач з вамі і знаходжуся цяпер тут».
Як пакаралі іншых фігурантаў гэтай справы?
10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста агучылі прысуд па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня на вуліцах абласнога цэнтра. Суддзя Вера Філонік асудзіла адразу дзевяцярых чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гады калоніі — менавіта такое пакаранне прасілі пракуроры. Сярод асуджаных — палітзняволеныя бацька і сын, таксіст, студэнт, школьнік і іншыя. Дваіх непаўналетніх узялі пад варту ў залі суда. На абвяшчэнне прысуду па беспарадках не патрапілі каля 20 чалавек. Пацярпелымі па справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх — міліцыянты, шкоду ацанілі ў 27 тысяч беларускіх рублёў.
Суддзя палічыла, што віна ўсіх абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса даказаная і прызначыла наступныя тэрміны:
палітзняволены таксіст Цімур Рызапур — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітвязень Аляксандр Драздоў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітзняволены студэнт Ілля Мігно — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітзняволеныя сын і бацька Ягор і Віталь Пракапчукі — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палізняволены Сяргей Салоха (30-гадовы ІП) — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
палітвязень Сяргей Крыўчэня — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Сяргей Гацкевіч (непаўналетні 11-класнік) — 3 гады выхаваўчай калоніі;
Дзяніс Хазей (непаўналетні другакурснік каледжа) — 3 гады выхаваўчай калоніі.