«Тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць». Лукашэнка назваў «лухтой несусветнай» маскі і антысептыкі ў школе

Маскі і антысептыкі школьнікам не патрэбныя. Тыя, хто ўводзіць такія меры ў школах, займаюцца ашуканствам і паказухай. Пра гэта заявіў кіраўнік краіны, размаўляючы з працаўніцамі бабруйскай «Славянкі».


— Глупства несусветнае. Нельга дзецям гэтыя маскі апранаць, асабліва ў школе. Такога патрабавання не было. І калі дзесьці гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць, — цытуе кіраўніка краіны яго прэс-служба. — Вы лепш акно адкрыйце, выветрыце, каб было свежа. Калі там нехта «практыкуецца», хутчэй за ўсё, гэта самадзейнасць. А за тое, што міністэрства і губернатары не пракантралявалі гэта пытанне, яны адкажуць.

lukashenko_rabochaya_poezdka_v_bobruysk_2020_4.jpg

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тыя, хто прымушае дзяцей насіць маскі, карыстацца «гаручымі антысептыкамі на этаноле» і рассаджвае па класе, проста займаюцца ашуканствам і паказухай.
— Добра гелі, ды і яны, па-мойму, гаручыя, а этанол гэты і іншае. Як гэта дзецям, асабліва маленькім, у сумку пакласці бензін? Гэта глупства, ніхто гэтага не патрабаваў. (Цытата па газеце «Звязда»).
Як тлумачылі ў Міністэрстве адукацыі, у школах павінны выконваць усе неабходныя рэкамендацыі санэпідслужбы. Напрыклад, трымаць дыстанцыю, мыць рукі. На ўваходзе ў навучальную ўстанову ў дзяцей могуць візуальна або з дапамогай тэрмометра праверыць стан здароўя. Пры гэтым, працягваюць у ведамстве, бацькі павінны быць ўважлівыя да здароўя дзіцяці. Калі ў сына ці дачкі тэмпература, весці яго на заняткі не трэба.
— Патрабаванняў, каб дзеці знаходзіліся на ўроках у масцы, няма. Ёсць рэкамендацыя насіць маску ў грамадскіх месцах, але сядзець у ёй на ўроку нязручна, таму рабіць гэта дзяцей ніхто не прымушае. Да таго ж, калі вучні знаходзяцца на адлегласці метр-паўтара адзін ад аднаго, у масцы няма неабходнасці, - распавяла прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.


Паводле tut.by