«Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!» Слуцкіх паўстанцаў ушанавалі ў Саўт-Рыверы (фота)
«Нязломнасць герояў Слуцкага паўстання мае свой працяг у нязломнасці Герояў Беларусі сённяшняй», — адзначылі беларусы, што сабраліся ўшанаваць угодкі Слуцкага збройнага чыну ў Саўт-Рыверы.
—

Неабыякавыя беларусы, што жывуць у ЗША, правялі акцыю, прысвечаную 101-гадавіне са дня Слуцкага збройнага чыну ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША).

Актывісты ўсклалі кветкі і запалілі памінальныя знічкі ваярам каля помніка «Беларускім змагарам за вольную Беларусь», каля беларускай царквы Святой Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, каб ушанаваць памяць герояў, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля суверэннасці Беларусі.


Актывісты адзначылі, што гэта «акцыя салідарнасці з беларускім народам, які ў цяжкіх умовах змагаецца і сёння за Незалежнасць, Правы і Свабоду».
«Нязломнасць герояў Слуцкага паўстання мае свой працяг у нязломнасці герояў Беларусі сённяшняй», — кажуць удзельнікі акцыі памяці.