У адказ на новае абвінавачванне палітвязень Ігар Лосік абвясціў галадоўку. Да галадоўкі далучаецца і яго жонка

15 снежня кансультант Радыё Свабода палітзняволены Ігар Лосік стаў фігурантам новай крымінальнай справы. Цяпер ён прызнаны абвінавачаным не толькі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку»), але і паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Палітвязень Ігар Лосік

Палітвязень Ігар Лосік


Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 8 гадоў.

25 снежня павінен быў завершыцца гранічны тэрмін яго ўтрымання пад вартай паводле папярэдняга абвінавачвання.

Як паведаміў блогер Антон Матолька, Ігар Лосік сваю віну не прызнаў і адрэагаваў на новую справу супраць яго аб’яўленнем бестэрміновай галадоўкі да зняцця ўсіх абвінавачванняў або змены меры стрымання. Ён лічыць свой крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Інфармацыю пра галадоўку пратэсту Свабодзе пацвердзіла жонка Ігара Дар’я Лосік. Яна заявіла, што і сама збіраецца ад 15 снежня далучыцца да галадоўкі мужа. Паводле яе слоў, у Ігара Лосіка ў турме абвастрыўся гастрыт.

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.

Апрача гастрыту іншых скаргаў па здароўі ў Ігара Лосіка няма, ён прымае медыкаменты, якія яму патрэбныя, але агулам знаходжанне пад вартай кепска паўплывала на стан яго здароўя.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.