У Бабруйску студэнта асудзілі за сарваны з крамы сцяг
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска вынесены прысуд студэнту-трэцякурсніку БНТУ Мікіту Маляру, абвінавачанаму ў апаганьванні дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Антон Дудаль, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, 20-гадовы Мікіта Маляр разам з сябрам восеньскім вечарам прагульваўся па
Бабруйску і каля адной з крам, наўмысна падскочыўшы, рукой схапіўся за
палотнішча сцяга Беларусі, усталяванага на дрэўку ў металічным кранштэйне, з
сілай пацягнуў яго ўніз. У выніку чаго сцяг разам з фрагментам дзяржальна адламаўся ад месца мацавання і ўпаў на тратуарную плітку.
Затым, утрымліваючы яго ў руках за дрэўка, абвінавачаны
прабег не менш за дваццаць метраў, размахваючы ім. На другі дзень палотнішча выкінулі
на вуліцу.
Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну па
прад'яўленым абвінавачанні прызнаў часткова, паведаміў суду, што не меў намеру
апаганіць дзяржаўны сімвал.
Аднак суд, які адбыўся яшчэ 25 лістапада, прызнаў Маляра
вінаватым у здзеку са сцяга і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання
волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Мера стрымання да ўступлення прысуду ў законную сілу
адмененая, яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Пазней стала вядома, што Мікіта Маляр накіраваны для адбыцця
пакарання ў ПУАТ №6.