Лукашэнка будзе забіраць стыпендыі ў таленавітых маладзёнаў, якія яго не падтрымліваюць

Лукашэнка падпісаў указ, які «ўдасканальвае дзейнасць» ягоных спецыяльных фондаў, адкуль выдзяляюцца сродкі таленавітай моладзі. 

2f3d1757347267f11218dccccb3d91ecda047bd7ddbb9190d8366df09f0e.jpg

Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. З яго вынікае, што апазіцыйна настроеным маладым беларусам стыпендыя прызначацца не будзе. А калі стыпендыі былі выдадзены раней, то пры пэўных абставінах нядобранадзейны лаўрэат мусіць будзе іх вярнуць.
Ва ўказе гаворыцца, что на суісканне стыпендый ад лукашэнкаўскіх фондаў не могуць быць вылучаны навучэнцы і студэнты ў выпадку здзяйснення імі:

а) цяжкага або асабліва цяжкага наўмыснага злачынства;

б) адміністрацыйнага правапарушэння, звязанага з парушэннем парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, прапагандай або публічным дэманстраваннем, вырабам, распаўсюджваннем нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, распаўсюджваннем, вырабам, захоўваннем, перавозкай інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць;

в) іншых дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам альбо накіраваных на дыскрэдытацыю і непаважлівае стаўленне да дзейнасці фонда.

Бачна, што ва ўказе выкарыстаны тыповыя фармулёўкі, з дапамогай якіх улады пераследуюць нязгодных з лукашэнкаўскай палітыкай беларусаў. Але нават пры адсутнасці ўказаных «правапарушэнняў» кандыдатаў на фондавую матэрыяльную дапамогу, як адзначаецца ва ўказе, будуць правяраць на лаяльнасць «органы дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў і пракуратуры».



Таксама ўказ прадугледжвае абавязковае вяртанне стыпендый у тым выпадку, калі чалавек быў пазбаўлены звання лаўрэата. Пазбаўленне звання будзе ажыццяўляцца на тых жа «палітычных» падставах, якія адзначаны вышэй. Вярнуць сродкі трэба будзе цягам шасці месяцаў.

Ва ўказе падкрэсліваецца, што ён набывае сілу ў дзень апублікавання. Выглядае, што зваротнай сілы ён не мае, і таленавітых маладых беларусаў, якія на фоне падзей 2020 года былі пазбаўлены звання лаўрэатаў, вяртаць грошы не прымусяць.