У Беларусі будуць выпускаць зубную пасту з антыкавідным эфектам
Незвычайная зубная паста і апаласкальнікі могуць у хуткім часе з'явіцца на паліцах беларускіх крам. Пра гэта распавяла на семінары ў гарадскім Цэнтры здароўя для спецыялістаў па ЗЛЖ устаноў аховы здароўя Мінска прадстаўніца парфумерна-касметычнай фабрыкі «Модум — наша касметыка» Людміла Набок, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Паводле слоў Набок, рэцэптуру, якая мае антыкавідны эфект, у лабараторыі беларускай парфумерна-касметычнай фабрыкі распрацавалі тры гады таму, калі пра СOVID-19 яшчэ ніхто не ведаў. Такія пасты і апаласкальнікі прызначаліся для якаснага догляду за поласцю рота.
— Мы зноў вярнуліся да гэтай распрацоўкі, як высветлілася, вельмі актуальнай. Зараз плануем праводзіць даследаванні ў незалежнай лабараторыі. Як толькі атрымаем станоўчыя, я ўпэўненая, вынікі, то прапануем гэтыя прадукты беларускім спажыўцам. У далейшым пастараемся, каб гэты прадукт быў максімальна даступны, — распавяла Л. Набок.
Навукоўцы высветлілі, што зубная паста і апаласкальнікі, якія ўтрымліваюць цынк або волава, могуць нейтралізаваць каронавірус на 99,9% за дзве хвіліны. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, вынікі іх даследавання апублікаваныя ў медыцынскім часопісе Брытанскай стаматалагічнай асацыяцыі British Dental Journal. Зрэшты, у Цэнтры ім. Н. Ф. Гамалеи (РФ) папярэдзілі, што гэтыя сродкі трэба выкарыстоўваць для прафілактыкі, а не для лячэння COVID-19.
Акрамя зубной пасты знішчыць каронавірус у роце змаглі апаласкальнікі для поласці рота з хларыдам цецілпірыдынія. Гэта антымікробны кампанент шырокага спектру дзеяння, які можна знайсці таксама ў складзе зубных паст, пасцілак і спрэяў для горла. Каб амаль цалкам знішчыць каронавірус у роце, апаласкальніку з хларыдам цецілпірыдынія спатрэбілася 30 секунд, гаворыцца ў публікацыі.
Даследаванні ў супрацоўніцтве з навукова-даследчым інстытутам аховы здароўя медыцынскай школы Рутгерса ў Нью-Джэрсі і рэгіянальнымі лабараторыямі біялагічнай бяспекі праводзіла кампанія Colgate.