У Беларусі — яшчэ 14 палітычных зняволеных

Праваабаронцы прызналі яшчэ 14 вязняў палітычнымі зняволенымі. Цяпер у краіне 1130 палітвязняў.

palitvjazni_1130.jpg

Праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі яшчэ 14 чалавек палітвязнямі. Гэта Зміцер Дашкевіч, Кацярына Алексіян, Аляксей Буркоў, Канстанцін Высочын, Іван Глебко, Алег Каспяровіч, Максім Матырка, Анастасія Санкоўская, Анжаліка Смірнова, Вольга Чарняк, Руслан Шапуноў, Уладзімір Яроменка, Леанід Шамаў, Алег Абдулаеў.

Праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая людзьмі ад выкарыстання шумавых гранат.

Праваабаронцы адзначаюць, што ацэньваюць “пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.