У Беларусі ратавальнікам выдадуць зброю

Лукашэнка заявіў, што частку супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях узброяць.

МНС. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

МНС. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


"Усе супрацоўнікі МНС, асабліва пры цяперашнім міністры, хочуць быць сілавым блокам. У сілавы блок уваходзіць, так? Сілавікі — мы так іх і лічым", — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў панядзелак, відэафрагмент з якой апублікаваў тэлеграм-канал "Пул першага".
Паводле слоў Лукашэнкі, каб "быць сілавіком, трэба цудоўна валодаць зброяй". "Маё распараджэнне было каб мы вызначылі ў МНС, якую частку мы будзем узбройваць", — сказаў ён.
"Хацелася б пачуць, наколькі мы рушылі наперад у гэтым плане, каб МНС стала сілавым блокам па-сапраўднаму, колькі людзей у нас будзе валодаць зброяй не горш, чым у войску і міліцыі", — цытуе  Лукашэнку Белта.
"Калі адбудзецца нейкі канфлікт, не дай Бог вайна, у нас што, у МНС моцныя надзейныя супрацоўнікі будуць у баку? Не. Яны не толькі пажар будуць тушыць", — сказаў кіраўнік.
Паводле яго, з аднаго боку, супрацоўнікі МНС будуць ратавальнікамі, а іх другая функцыя як узброеных людзей — устаць на абарону краіны. "А для гэтага трэба валодаць зброяй. Якой? Пісталеты, аўтаматы, кулямёты, гранатамёты, ці мы іх будзем узбройваць яшчэ і нейкай тэхнікай? Думаю, так. І гэты актыў будзе, сур'ёзны актыў, і дапамога для нашага войска на выпадак, калі раптам".
Ён выказаў меркаванне, што і ў мірны час, мадэрнізуючы МНС, знойдзецца для іх работа як узброеных людзей. "Гэта вельмі важна пры рэфармаванні. А не тое, што мы там клетачкі накрэслім: гэтага чалавека туды, гэтага - сюды. Гэта само сабой, але павінна быць істотная мадэрнізацыя", - дадаў Лукашэнка.