У Глуску збіраюць на сшыткі дзецям з прытулку. Чыноўнікі: «Сродкі выдзяляюцца»

«Глускае РАЙСПАЖЫЎТАВАРЫСТВА праводзіць штогадовую дабрачынную акцыю па зборы канцылярскіх сродкаў для выхаванцаў дзіцячага прытулку», — гаворыць таблічка на «кошыку дабра» ў асіповіцкай краме. Няўжо прытулку і сапраўды не стае школьных прылад? «Еўрарадыё» вырашыла разабрацца.

Адным дзеткам канцтавары купляе аэрапорт, іншым збіраюць у мясцовай краме / Нацыянальны аэрапорт «Мінск»

Адным дзеткам канцтавары купляе аэрапорт, іншым збіраюць у мясцовай краме / Нацыянальны аэрапорт «Мінск»

Ну, у прынцыпе, нам усё трэба, бо нічога не выдзяляецца апошнім часам. Усё, чым могуць дапамагчы, — усяму дзякуй скажам, — расказвае «Еўрарадыё» загадчык гаспадаркі Ясенскага прытулку. — Асадкі, сшыткі, усё такое асноўнае.
У нас у асноўным малодшыя і старэйшыя класы, «сярэдніх» літаральна пара чалавек. У нас нейкія свае запасы ёсць, але ў сувязі з COVID-19 і ўсім астатнім грошай няма ў раёне. Таму неяк апошнім часам не вельмі, толькі вось з дапамогай каго-небудзь нешта выдзяляецца ў плане канцылярыі.

«Кошык дабра» ў асіповіцкай краме / «Еўрарадыё»

«Кошык дабра» ў асіповіцкай краме / «Еўрарадыё»

Больш падрабязна пра ініцыятыву журналісты вырашылі даведацца ў Глускім райспажыўтаварыстве. Кіраўнік арганізацыі ў размове з «Еўрарадыё» спаслаўся на занятасць і рэкамендаваў патэлефанаваць у юрыдычны аддзел таварыства.
Туды журналісты так і не змаглі датэлефанавацца, таму звязаліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Глускага райвыканкама Аленай Самуйлік.
Яна адказвае, што Глускі райвыканкам ніякага дачынення ні да дабрачынных акцый у прытулку, ні да райспажыўтаварыства не мае. Але журналісты ўсё ж цікавяцца: чаму адразу нельга забяспечыць дзяцей усім неабходным за кошт бюджэту?
Разумееце, прылады для школьніка — іх колькі ні купляй, лішнімі не будуць, ні сшыткі, ні асадкі. Плюс да ўсяго, гэта дабрачынная акцыя, у нас кожны год праходзяць такія акцыі, каб дапамагчы дадаткова акрамя таго, што ўжо вылучаюцца грошы. Гэта нармальная з'ява.

Наведванне навучэнцамі нядзельнай школы Іверскага храма Ясенскага сацыяльнага прытулку / church.by

Наведванне навучэнцамі нядзельнай школы Іверскага храма Ясенскага сацыяльнага прытулку / church.by


Паколькі прытулак знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне, тэлефануем начальніку аддзела ідэалагічнай работы Асіповіцкага райвыканкама Таццяне Пахоменка.
Наогул, вам лепш у райспажыўтаварыстве спытаць, мы да гэтага ніякага дачынення не маем, — кажа чыноўніца. Зноў пытанне: чаму збіраюць грошы на канцылярскія прылады? Ці дастаткова сродкаў выдзяляецца на прытулак?
Ну, вядома, сродкі выдзяляюцца, — працягвае ідэолаг. — Ну, гэта ж да новага навучальнага года, гэта цалкам сабе, як бы гэта сказаць, грамадзянская ініцыятыва. У царкву, напрыклад, таксама рэчы прыносяць. Што тут такога?
Сёлета школьныя прылады на патрэбы дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкім сацыяльным становішчы, збіралі не толькі ў Глуску. Напрыклад, Нацыянальны аэрапорт «Мінск» для дзяцей са Смалявіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра таксама набыў заплечнікі, асадкі, сшыткі і іншыя неабходныя школьніку рэчы.

Падарунак Смалявіцкаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ад аэрапорта «Мінск» / Інстаграм

Падарунак Смалявіцкаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ад аэрапорта «Мінск» / Інстаграм


Ясенскі сацыяльны прытулак для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту адчыніў свае дзверы для выхаванцаў у 2002 годзе, ён размяшчаецца ў будынку былога дзіцячага садка. Туды трапляюць дзеці з праблемных сем'яў і дзеці-сіроты.