У Гомлі і Воршы ўшанавалі памяць ахвяраў НКВД
Ужо праз некалькі дзён у Беларусі будуць адзначацца Дзяды — народны звычай памінання памерлых продкаў. Шмат для каго з беларусаў абрад асабліва трагічны, бо супадае яшчэ і з гадавінаю масавых расстрэлаў, што адбыліся напрыканцы кастрычніка 1937-га года. Даніну памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў гэтымі днямі аддалі ў Гомлі ды Воршы.
На Навабеліцкіх могілках у Гомлі праваслаўная грамада правяла паніхіду па пахаваных тут манахах Чонкаўскага манастыра, якія да апошняга не адракаліся ад сваёй веры. Валанцёры прыбралі найбольш старую частку могілак.
«Гэта супадае з Дзядамі, восеньскім памінаннем продкаў. Таму мерапрыемства звязанае лагічна – і памінанне продкаў, і памінанне расстраляных. Менавіта таму ў нас на могілках стала традыцыйным чытаць спісы рэпрэсаваных», — кажа валанцёр Андрэй Скідан.
Гэткі суботнік прайшоў і ў Воршы на Кабыляцкай гары. Напрыканцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя тагачасныя савецкія ўлады прызналі, што менавіта тут НКВД праводзіў масавыя расстрэлы.
«Я ведаю пра свайго дзядулю. Ведаю, чаму яго расстралялі. Ведаю ўсё гэта з расповедаў сваёй маці. Ёй было 11 гадоў. Яна добра памятае, як яго забіралі, як яго білі… Гэта нашая гісторыя. Без яе ўжо нікуды не падзецца. Пра гэта трэба памятаць», – заўважае ўнучка расстралянага Дзіна Кацар.
Аршанскае мерапрыемства нечакана дазволілі мясцовыя ўлады, якія раней заплюшчвалі вочы на тэму сталінскіх рэпрэсіяў.
Паводле belsat.eu