У Гродне ліквідуюць пошукава-выратавальны атрад, які шукаў зніклага хлопчыка ў Белавежскай пушчы
Грамадскае аб’яднанне «Пошукава-выратавальны атрад "Анёл Паўночны Захад"» ліквідуюць у Гродзенскім абласным судзе. Арганізацыя дзейнічае з 2015 года.

Фота з сацсетак атрада
Суд па ліквідацыі зладжаны па заяве Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Пасяджэнне наконт ліквідацыі грамадскага аб’яднання пройдзе 25 лістапада, паведамляе Hr*dna.life.
Арганізацыя зарэгістраваная ў Смаргоні. Яна дзейнічае з 2015 года.
Атрад «Анёл» меў сярод беларусаў добрую рэпутацыю, там збіраліся добраахвотнікі, што дапамагалі ў пошуках людзей, якія згубіліся. Уся дзейнасць атраду трымалася на дабрачынных ахвяраваннях.
Грамадскае аб’яднанне дапамагала дзяржаўным органам у пошуку зніклых або згубленых людзей. Для гэтага атрад задзейнічае розныя метады пошуку: распаўсюджвае інфармацыю ў інтэрнэце, расклейвае абвесткі, выязджае на гарадскія і лясныя пошукі, арганізуе валанцёраў.

У Беларусі было каля 150 валанцёраў, якія пастаянна выязджалі на пошукі. Адна з найбольш вядомых гісторый — пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Дзіця да гэтага часу не знойдзенае.

У Беларусі пасля паслявыбарчых пратэстаў 2020 года масава ліквідуюць грамадскія арганізацыі і юрыдычныя асобы. Нагадаем, як пісаў НЧ, пачынаючы з верасня 2020 года да гэтага часу ў Беларусі стала на 1000 некамерцыйных арганізацый менш.