У кандыдата Руху «За Свабоду» першая тысяча подпісаў

Каманда Вадзіма Левана, які ідзе пры падтрымцы Руху «За Свабоду» па Навагрудскай выбарчай акрузе, сабрала першую тысячу подпісаў выбарцаў.

_bfd140a.jpg


«Каманда — добрая. 12 чалавек працуюць, дзве брыгады па горадзе і па рэгіёнах. Гэта значыцца, што ў мяне подпісы не толькі з Навагрудка, але і з ваколіцаў», — сказаў сябра Руху «За Свабоду» Вадзім Леван сайту Pyx.by.
Па ягоных словах, і ў Навагрудку, і ў меншых населеных пунктах, «нармальна падпісваюцца». «У сярэднім, 5 подпісаў, 1 промах. Калі не хочуць падпісвацца, кажуць, што я малады, ці не ведаюць мяне», — адзначыў Леван.
«Астатнія чытаюць ліст з біяграфіяй, размаўляюць. Кажуць: „Фермер? Класна“, „Трое дзяцей? Класна“, чуюць пра „Народную праграму“, адзначаюць: „Мае праграму рэформаў? О, добра, хаця б нешта зменіцца“», — адзначыў сябра Руху «За Свабоду».
Пакуль што каманда Левана праводзіць у кожным мястэчку па дзве гадзіны з улікам пікетаў і паходу па дамах, але з панядзелка плануюць наладзіць вялікія пікеты па дню ў кожнай мясцовасці. З графікам вызначацца тады ж.
Вадзім Леван, фермер з Навагрудка, бацька трох дзяцей. Сябра Руху «За Свабоду» з 2011 года. Ягоная Наваградская акруга № 57 уключае ў сябе Карэліцкі, Навагрудскі раёны, частку Лідскага. Па дадзеных ЦВК, там 57 408 выбаршчыкаў.
Паводле прэс-службы Руха «За Свабоду»