ЦВК зарэгістраваў 304 ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў
Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў 304 ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання.
Усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 479 заяў аб рэгістрацыі такіх груп. Прыём заявак скончыўся 7 ліпеня, гаворыцца на сайце ЦВК.
Зарэгістраваныя 201 беспартыйныя групы, ад партый — 103, у тым ліку ад АГП — 24 групы, БНФ — 16, Справядлівага свету — 16, БСДП «Грамада» — 12, Кампартыі Беларусі — 11, ЛДПБ — 10, партыі «Зялёных» і Патрыятычнай партыі — па 3, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады — 1.
Варта зазначыць, што гэтая лічба «кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты» не канчатковая. Па беларускім заканадаўстве палітычныя партыі маюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на зборы сваіх вышэйшых кіроўных органаў. У большасці партый такім органам з’яўляецца з’езд.