У Ляхавічах са стралянінай затрымлівалі падазраваную ў атрыманні хабару дырэктарку завода
Крымінальную справу ў дачыненні да 55-гадовай дырэктаркі кансервавага завода расследуе Следчы камітэт. Яна падазраецца ў замаху на атрыманне хабару пры пасярэдніцтве яе 26-гадовага сына.
Жыхар Ляхавічаў Пётр, якога карэспандэнты выдання Intex-press.by сустрэлі на вуліцы Інтэрнацыянальнай, распавядае, што менавіта на гэтай вуліцы 7 снежня ён стаў сведкам пагоні са стралянінай.
— Каля шасці гадзін вечара я ехаў дадому на ровары. Гляджу, машына прама на мяне нясецца. Я з ровара саскочыў і — у бок. Следам за ёй — яшчэ адна. Яна была звычайная, без маячкоў, але з яе ішоў гук уключанай сірэны. Я перапалохаўся, ехаць далей не наважыўся. Яны і ад'ехаць толкам не паспелі, як у другой машыне адкрылася акно, а адтуль мужчына з пісталетам вылез па пояс. І страляць пачаў. Па колах, — успамінае мужчына.
Пётр пазнаў машыну сына дырэктара кансервавага завода: пазадарожнік Audi маладога чалавека ў горадзе прыкметны, «не менш за 30 тысяч долараў каштуе. Ды вось толькі дзе гэтыя грошы зарабіць можна было, калі б сумленна жылі?».
Мужчына распавядае і прычыну пагоні. Нібыта на ўскраіне горада сын дырэктара сустрэўся з іншым мужчынам, хтосьці камусьці нешта перадаў.
— Да іх адразу ж міліцыянты падскочылі: мужчына здаўся, а гэты хлопец з'ехаць спрабаваў. Я сам гэтага не бачыў, але мне гэта распавялі людзі, якім я давяраю.
У гэты ж дзень нібыта затрымалі і дырэктара завода.
Гараджане не разумеюць, чаму да гэтага часу ў СМІ не было ніякай інфармацыі.
— Іх, здаецца, 7 снежня затрымалі, ужо 10 дзён прайшло, а нідзе нічога, — кажуць суразмоўцы.
Журналісты адзначаюць, што дом, у якім жыве жанчына з сям'ёй, — вельмі сціплы, савецкі двухпавярховік на дзве кватэры. Суседзі не вераць, што дырэктарка завода можа быць звязаная з карупцыяй. Калегі таксама добра выказваюцца пра сваю кіраўніцу, праўда, прычын адсутнасці на працоўным месцы не паведамляюць.
11 снежня на прадпрыемстве прызначылі выканаўцу абавязкаў дырэктара.
Афіцыйна
19 снежня Следчы камітэт паведаміў, што да кіраўніка прадпрыемства і яе сына прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Таксама ў якасці падазраваных прыцягнутыя тры мінчукі, якія дзейнічалі ў інтарэсах шэрагу камерцыйных структур. Іх дзеянні кваліфікаваныя як замах на дачу хабару і замах на пасрэдніцтва ў хабарніцтве.