У Магілёўскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства на Дзень Волі
У Магілёўскі гарвыканкам 1 сакавіка 2021 года па пошце адпраўленая заяўка аб правядзенні на Дзень Волі 25 сакавіка мітынгу з патрабаваннем палітычных правоў і свабод, вызвалення палітвязняў, а таксама зняцця забарон і абмежаванняў на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга.
Апавяшчэнне аб правядзенні мітынгу гарадскім уладам
накіравана за подпісам рабочага аднаго з магілёўскіх заводаў, піша 6tv.by. Ён мяркуе, што
ў акцыі возьмуць удзел да 900 чалавек, якія збяруцца ў адным месцы,
адведзеным для масавых мерапрыемстваў, якія арганізаваныя не ўладай, — на
стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў, 64-в.
Фінансаванне акцыі заяўлена за кошт сродкаў арганізатара і
ахвяраванняў сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). «Падчас
правядзення масавага мерапрыемства плануецца выкарыстанне транспарантаў і
лозунгаў. Выкарыстанне транспартных, піратэхнічных сродкаў падчас правядзення
масавага мерапрыемства не плануецца», — гаворыцца ў паведамленні.
«Ахова грамадскага парадку, медыцынскае абслугоўванне пры правядзенні масавага мерапрыемства, прыборка тэрыторыі будуць арганізаваныя ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам паводле дамовы. Пры гэтым я як арганізатар абавязваюся зрабіць не пазней за 10 дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства аплату фактычных выдаткаў на гэтыя мэты», — абяцае заяўнік.
Згодна з заканадаўствам, мясцовы орган улады павінен
разгледзець заяву і не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення масавага
мерапрыемства ў пісьмовай форме паведаміць яго арганізатару аб прынятым рашэнні — дазваляць або не дазваляць акцыю.