У Магілёве адмовілі ў правядзенні Маршу 15 сакавіка. Алег Аксёнаў: мы і не прасілі дазволу
Магілёўскі гарвыканкам адмовіў дэмакратычным сілам Магілёва ў правядзенні Маршу недармаедаў 15 сакавіка.

Прагулка недармаедаў у Магілёве 19 лютага 2017. Фота Алесь Сабалеўскі, 6tv.by
Заяўнікамі акцыі былі лідары мясцовых філій Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алег Аксёнаў, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, Руху “За свабоду” Алесь Сілкоў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Марш мусіць пачацца а 18:00 ад дому па адрасе Ленінская 29.
“Яны нават не паглядзелі, што мы і не прасілі ў іх дазволу. А проста паставілі іх перад фактам, што ў гэтым месцы і ў гэты час будзе адбывацца шэсце і мітынг”, — распавёў каардынатар БХД.
Таксама Алег Аксёнаў атрымаў лісты з суда Ленінскага раёна Магілёва аб тым, што накіраваная туды справа з РАУС вернутая ў РАУС на даследаванне. “З гэтай нагоды ўчорашні спектакль і адбываўся”, — адзначыў ён.