У мастачкі Нікі Сандрас — кровазліццё ў мозг. Патрэбна дапамога

Беларуская мастачка і блогерка Ніка Сандрас трапіла ў шпіталь нейрахірургіі ў Гдыні пяць дзён таму з цяжкімі сімптомамі. Учора ёй паставілі дыягназ — субарахнаідальнае кровазліццё ў мозг.

331479401_5727369217384871_8895441158381305560_n.jpg

Сям’я Нікі Сандрас рызыкуе застацца без сродкаў да існавання, бо з сужэнцаў працавала яна адна, адзначае Св*бода.

Ніка Сандрас і яе муж Андрэй (Эндру) цяпер жывуць у польскім Гданьску. Ніка вяла групы малявання для дзяцей і дарослых. Эндру, як напісала мастачка на сваёй старонцы ў Facebook, пакуль не працуе, «чакае дакументаў».

16 сакавіка Ніка паведаміла, што «ледзь не памерла», потым патлумачыла, што трапіла з інсультам у лякарню. Мастачка дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі, дзе праходзіць абследаванні. Магчыма, ёй спатрэбіцца аперацыя. Цяпер Ніка можа толькі ляжаць: уставаць ці сядзець ёй забараняюць лекары. Адчувае яна сябе блага. Пра свой стан здароўя Сандрас рэгулярна піша навіны ў сацсетках.

Праз праблемы са здароўем сям’і пагражаюць і фінансавыя складанасці.



«Я вельмі баюся, што праз аперацыю я нейкі час не здолею працаваць. Дакладней, калі яна будзе, я дакладна не здолею. А Эндру пакуль не працуе, ён чакае дакументаў. І мы не можам не зарабляць, інакш ён іх не атрымае. Сітуацыя ў нас не вельмі. Ранкам мы заплацілі кучу выплат, арэнды і гэтак далей, і грошай рэальна на тыдзень. Што з аплатай маіх працэдур, шпіталя, і, не дай Бог, аперацыі, я ўвогуле пакуль не ведаю», — напісала Ніка.

Мастачка просіць падтрымаць сям'ю і купіць ейны анлайн-курс па маляванні. А па рэквізітах можна пералічыць любую суму, каб проста падтрымаць сям'ю.

«Калі я памру, Эндру прышле вам курс», — піша Ніка.

Ейныя сябры напісалі падрабязную інструкцыю, як можна дапамагчы Ніцы.


Ніка Сандрас — беларуская мастачка, у мінулым тэле- і радыёвядоўца, аўтарка і арганізатарка фестывалю для мастакоў-самавукаў «Мы ёсць!». Вядзе папулярны блог у Facebook.

Муж Нікі — Эндру Мішэлутаў, былы менеджар аддзелу закупак групы кампаній Fenox. У 2017-2018 гадах шэраг супрацоўнікаў кампаніі затрымалі, у тым ліку і Эндру. Іх вінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Калі падаткі выплацілі, усіх фігурантаў справы, акрамя Мішэлутава, вызвалілі. Ён правёў за кратамі 14 месяцаў і выйшаў на волю ў 2020 годзе. Крымінальнай справу не закрылі. Суда не было.